На Любаншчыне адзначылі юбілей сыраробнага камбіната — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

На Любаншчыне адзначылі юбілей сыраробнага камбіната

На ўрачыстасць з нагоды 90-гадовага юбілею Любанскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» у Сароцкім сельскім Доме культуры Любанскага раёна сабраліся не толькі яго работнікі, а і ветэраны працы, шматлікія госці.

Віншаванні калектыву адрасаваў старшыня райвыканкама Валерый Мельнік. Ён зазначыў, што прадпрыемства мае слаўную багатую гісторыю і традыцыі. Сёння гэта адзін з самых буйных вытворцаў нашага раёна, шырокі асартымент прадукцыі якога запатрабаваны ў спажыўцоў не толькі ў межах краіны. А ў гэтым заслуга тых, хто раней шчыраваў, хто зараз працягвае справу і працуе ў цэхах, лабараторыі, адміністрацыі, дастаўляе сыравіну з гаспадарак. Усім кіраўнік пажадаў захоўваць сілу духа і бадзёрасць, трымаць марку і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень. І адзначыў шэраг работнікаў узнагародамі.

Самыя цёплыя словы прагучалі ад нашага парламентарыя Юліі Мурынай. Яна таксама перадала Падзяку ад старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь калектыву-юбіляру і асабіста яго дырэктару Аляксандру Усціновічу за шматгадовую плённую і стваральную працу.

Віншавальная эстафета была падхоплена і іншымі ганаровымі гасцямі. Добрых зычанняў і ўзнагарод у гэты дзень было шмат. І яны абавязкова стануць цудоўным стымулам для далейшай руплівай дзейнасці прадпрыемства пад дэвізам «Заўсёды толькі лепшае».

Варта дадаць, добры настрой прысутным на свяце стваралі юныя і дарослыя артысты Любанскага раённага цэнтра культуры і Любанскай дзіцячай школы мастацтваў, таксама сваім выступленнем пакарыла арт-група «Беларусы».