«Велікодныя замалёўкі»

Вялікдзень! Радасць светлая, доўгачаканая.
Абуджаецца прырода, кожны лісцік, кожная травінка і кветачка ажывае, напаўняецца жыццём і славіць Уваскрэсшага Хрыста.
Па ўсёй зямлі нясецца радасны кліч: Хрыстос Уваскрос!
Для ўдзельнікаў краязнаўчага клуба «Беларуская хатка» дзяржаўнай установы «Дзіцячы цэнтр культуры «Расток» г. Маладзечна» стала добрай традыцыяй святкаванне Вялікадня, заснаванае на народных абрадах і звычаях.
Вось і ў гэтым годзе дзеці падрыхтавалі абрадаваю дзею «Велікодныя замалёўкі».
Перад тым, як сесці за стол есці «свянцонку», гаспадыня прапанавала дзеткам памыць тварыкі вадзічкай, у якую апусціла свянцонае яечка. Па традыцыі гэта рабілася дзеля добрага здароў’я.
Чырвонае яечка – галоўны сімвал свята, крыніца вечнага жыцця.
З гэтай нагоды курачка стала жаданай госцяй на свяце.
Не абыйшлося і без валачобнікаў, якія прывялі з сабой «жачка».
«Жачок» скакаў, як жабка, весяліў усіх і прасіў яечка ў бабкі.
На працягу свята, традыцыйна праходзілі велікодныя гульні: «У біткі», «Яечка пад шапкай», качанне яек з горкі.
Свята атрымалася цёплым і светлым.