ХVІІI абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

ХVІІI абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй»

3 снежня Барысаў будзе вітаць удзельнікаў і гасцей ХVІІI абласнога фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй». Гэты фестываль – адна з самых адметных фестывальных старонак Міншчыны – папулярны і цікавы ў прафесійным плане як для кіраўнікоў творчых калектываў, так і для артыстаў-аматараў. «Напеў зямлі маёй» з’яўляецца галоўным фестывалем аматарскай творчасці Міншчыны і ахоплівае ўсю жанравую палітру народнага мастацтва. Асноўная ідэя фестывалю – раскрыць багацце і разнастайнасць аматарскай творчасці ў самабытнай рэгіянальнай афарбоўцы.

У конкурснай праграме прымуць удзел аматарскія калектывы з усіх 23 рэгіёнаў Міншчыны. Кожнаму з іх прадастаўляецца магчымасць прадэманстраваць свой талент і прафесіяналізм, атрымаць высокую адзнаку журы, якое ўзначальвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Республікі Беларусь імя І. Жыновіча, дацэнт кафедры духавой музыкі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар Аляксандр Яўгенавіч Крамко.

Патрабаванні да конкурсу з кожным фестывалем растуць. Для ўдзелу ў конкурснай праграме неабходнай умовай для аддзелаў (упраўлення) ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў з’яўляецца ажыццяўленне пастановачнага (арыгінальнага) нумару з удзелам аматарскіх калектываў мастацкай творчасці розных жанраў.

«Напеў» – галоўная культурная падзея ў жыцці вобласці. Гэтаму спрыяе асаблівая ўвага з боку Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Пераможцаў чакаюць каштоўныя прызы – мікрааўтобус, камплекты гукавога абсталявання, партатыўныя камп’ютары і інш.

 

Кантактны тэл.: раб. 342 45 98, маб. 8 029 673 05 97 (Пазняк Ірына Рышардаўна, дырэктар ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»)