Выстава жывапісу Марыны Ячмяньковай “БЕРАГІ ЛЁСУ” — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Выстава жывапісу Марыны Ячмяньковай “БЕРАГІ ЛЁСУ”

5 чэрвеня (серада) 2024 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» мае адбыцца адкрыццё выставы жывапісу Марыны Ячмяньковай “БЕРАГІ ЛЁСУ

 

         Марына Ячмянькова нарадзілася ў 1973 г. у Мінску. У 1999 г. скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, спецыяльнасць “праектаванне інтэр’ераў”. Працавала выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным гімназіі-каледжы мастацтваў, дызайнерам у “Белсаюздруку”, рамеснікам у Музейным комплексе старажытных народных рамёсел і тэхналогій “Дудуткі”. Займаецца жывапісам, ілюстрацыяй кніг, распрацоўвае і стварае серыі аўтарскіх арт-сувеніраў.

 

Наратыў выстаўкі будуецца на ідэі адвечнай вандроўкі: праз прыродныя цыклы і ўзросты чалавека. Экспазіцыя пабудавана блокамі, дзе змяняюцца краявіды: ад пяшчотных яблынь у квецені, праз летнюю сакавітасці і бязмежнасць прасторы вадаёмаў да сталай прыгажосці восені з залатым лісцем і саспелымі дарамі і паступова рух кола заціхае срэбрам зімы. Глядач павольна “пражывае” дзяцінства, маладосць, сталасць і старасць…

Мастачка для свайго расповеду выкарыстоўвае вобразную мову розных жанраў: краявіды адлюстроўваюць нашу непарыўную сувязь з прыродай, нацюрморты напоўнены сімваламі пор года, а партрэтныя акцэнты (з выявамі родных людзей аўтара) з’яўляюцца метафарамі ўзростаў чалавека.

Творы Марыны Ячмяньковай адрозніваюцца шчырасцю, асаблівай жаночай пяшчотай і мяккасцю. Мастачка спакойна сузірае і прымае зменлівасць і прыгажосць навакольнага свету. Жывапісныя работы адрознівацца светлымі і стрыманымі фарбамі, статычнай кампазіцыяй, філасафічнасцю, добрым разуменнем спецыфіцы алейнага жывапісу. Сапраўдны творца Марына Ячмянькова імкнецца трансліраваць свае захапленне прыгажосцю каб натхняць гледачоў.

Выстава мае сімвалічную назву “Берагі лёсу” і з’яўляецца своеасаблівай справаздачай, якую мастачка вырашыла падвесці з нагоды свайго 50-годдзя.

 

 

Выстава працуе з 5 чэрвеня па 23 чэрвеня 2024 г.

Месца правядзення: мастацкая галерэя «Цэнтр» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4

Час працы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00

Тэл. 8017 342 50 76              @gallery_centre

Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.