Ураджайны карагод — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

Ураджайны карагод

З 21 кастрычніка на працягу цэлага тыдня ўдзельнікі клубных фарміраванняў фальклорнага накірунку дзяржаўнай установы “Дзіцячы цэнтр культуры “Расток” г. Маладзечна” ладзілі фальклорнае свята “Ураджайны карагод”. Дзякуючы творчай задумцы і незвычайным арыгінальным героям яно атрымалася вельмі яркім, вясёлым і каларытным.

Сам Спадар Ураджай завітаў да дзяцей у госці. Ён не толькі спадабаўся гледачам сваім гарэзлівым норавам, але і ўразіў усіх прысутных вялізным капелюшом, аздобленым садавінай і гароднінай.

Спадарыню Восень традыцыйна віталі песнямі і вершамі. А вось Непагадзь чыніла ўсялякія выпрабаванні. Яна вырашыла трошкі свята сапсаваць: наслаць на дзяцей холад і сцюжу, дождж і прастуду. Ды гэта ёй не ўдалося. Яна расчулілася ад цудоўных вершаў, песень, абрадаў і жартаў, якія падрыхтавалі маленькія артысты.

Свята, якое пазнаёміла прысутных з восеньскімі відамі працы, завяршылася вясёлым дружным карагодам, падаравала гасцям і ўдзельнікам шмат пазітыўных эмоцый і цудоўны настрой.