“Продкаў паважаем – “Дзяды” адзначаем” — Минский областной центр народного творчества
Минский областной центр народного творчества

“Продкаў паважаем – “Дзяды” адзначаем”

У кожнага народа ёсць свае дні ўшанавання продкаў. Беларусы ўсяго свету ў лістападзе адзначаюць старажытны абрад – Дзяды. “Продкаў паважаем – “Дзяды” адзначаем” – пад такой назвай прайшлі абрадавыя дзеі, якія ладзілі супрацоўнікі дзіцячага цэнтра культуры “Расток”. Удзельнікамі сталі выхаванцы клуба беларускай гульні “Весялінка”. Дзеці знаёміліся з традыцыяй святкавання Дзядоў, складалі радаводы, успаміналі добрым словам не толькі сваіх памерлых родных, але і славутых нашых продкаў: Рагвалода, Рагнеду, Усяслава Чарадзея, Еўфрасінню Полацкую – тых, з каго пачыналася наша гісторыя. Пра павагу да старэйшых, якія перадаюць будучым пакаленням вопыт і жыццёвую мудрасць, выхаванцам распавядалі казкі: прадстаўленне ценевага тэатру “Недалікатны сын” і мультыплікацыйны фільм “Дзед” паводле беларускай народнай казкі “Стары бацька”. Сустрэчы прайшлі ва ўтульнай атмасферы і пакінулі ў сэрцах цёплы след і разуменне таго, як важна захаваць сувязь пакаленняў дзеля нашай будучыні.