МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Обряд “Шчадрэц” деревни Рог Солигорского района

 Калядны абрад "Шчадрэц" в. Рог Салігорскага раёна

    Абрад «Шчадрэц» належыць да найбольш архаічных навагодніх віншавальных абыходных абрадаў, распаўсюджаных пераважна на Беларускім Палессі. Ён з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в. Рог Салігорскага раёна і праводзіцца  штогод у ноч з 13 на 14 студзеня на Шчодры вечар. Захавалі і перадаюць  яго сваім дзецям і ўнукам удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Палескія крыніцы” Восаўскага сельскага Дома культуры.
    Шчадраванне адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў – дзеда, бабы, «казы», «жураўля», «каня» і інш. Маска «казы» ў абрадзе здаўна лічыцца асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў – дзед з яго берасцяной маскай, аналагаў якой больш няма на Беларусі. Маску вырабляюць у выглядзе шапкі-цыліндра, верхняя частка якой уяўляе выяву крыжа (сімвал сонца), бяроста злучана адмысловым спосабам («у зубчыкі»). Цыліндр утвараецца з дзвюх палос бяросты. Як і сама шапка, крыж зроблены з «левага» боку бяросты, мае бежава-карычневы колер. У шапцы прарэзаны дзіркі для вачэй і рота, а нос зроблены з морквы, прыклеенай да шапкі, бровы намаляваныя чорным алоўкам ці фарбай. 
    Абрадавы гурт рухаецца па вёсцы з усходу на захад, не мінаючы ніводнай хаты. У дадзеным тыпе абрадавага шчадравання выяўляюцца тры этапы: 1) зварот да гаспадароў з просьбай дазволіць шчадраваць, 2) выкананне абрадавага тэксту і гульні-паказу, 3) адорванне, што суправаджаецца просьбай і словамі падзякі. 
    Значным фактарам захавання абраду ў часе выступае песенны кампанент рытуальнага абходу, увасоблены ў віншавальных «шчадроўных» песнях для гаспадара і яго сям’і, дзяўчыны на выданне, песнях, якія суправаджаюць рытуальныя скокі «казы». Гэта песенныя віншаванні для гаспадара і яго сям’і («Ці ўдома, ўдома сам пан гаспадар?», «Ой, устань, устань, сам пан господар!», «Ой, над рэкою, над глыбокою»), дзяўчыны на выданне («Ой, рано-рано й куры попелі»), песня, якая суправаджае скокі Казы («Вой, ну-ну, каза») і інш. Усе песенныя віншаванні аб’яднаны адзіным меладычным стрыжнем – тыпавым політэкставым напевам, для якога ўласцівы святочная інтанацыя, кварта-квінтавы ладава-меладычны комплекс, вытрыманая рытмавая структура на аснове 10-складовага вершарадка з зацягваннем кожнага пятага складу. Абавязковую частку песенных віншаванняў складаюць выгуковыя рэфрэны-воклічы (С[в]яты вечор, с[в]яты Васілё[к]!). 
    Традыцыйныя каноны абраду щедрования ў вёсцы Рог раскрываюцца як у люстэрку песеннага рэпертуару, так і праз асаблівасці спеўнага стылю. Віншавальныя напевы выконваюцца «шумна», у выгуковай манеры. Для выканальніцкага стылю ўласціва тэмбрава-дынамічная яркасць, элементы гетэрафоннай фактуры. У спеўным артыкуляванні раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, своеасаблівасць моўных гаворак паўночных тэрыторый Беларускага Палесся. Таксама ў час разыгрывання каляднай дзеі ў хаце скачуць «Лявоніху» і «Барыню».
    Гурт «Палескія крыніцы» мае калектыў спадарожнік – «Ручаёк», дзе займаюцца дзеці. Маладое пакаленне з захапленнем пераймае абрадавую традыцыю і імкнецца ўдзельнічаць у абрадзе. На працягу 2015 года калектывы праводзілі актыўную дзейнасць па захаванні і папулярызацыі носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны абрада “Шчадрэц”:  8 студзеня ладзілася экскурсія з праглядам абрада “Шчадрэц” для работнікаў ААТ “Беларуськалій” і дэлегацыі з Расіі; 13 студзеня абрад “Шчадрэц” праведзены з удзелам прадстаўнікоў СМІ (“Сельская газета”, “Рэспубліка”, раённая газета “Шахцёр”); 3 ліпеня элементы абрада прадэманстраваны ў рамках раённага свята народнай творчасці “Беларусь – жыцця майго крыніца”.
    Абрад «Шчадрэц» актуальны найперш для супольнасці вёскі Рог, бо мясцовыя жыхары лічаць, што прыход шчадроўнікаў у іх хаты будзе садзейнічаць дабрабыту і здароўю ўвесь наступны год. Песні-шчадроўкі з’яўляюцца цікавым аб’ектам даследавання для спецыялістаў у галіне народна-песеннай творчасці, таксама ўяўляюць інтарэс і для студэнтаў творчых спецыяльнасцей (для развучвання на занятках). Шчадроўкі могуць пераймацца сучаснымі рэгіянальнамі народнымі ансамблямі, фальклорнымі гуртамі, асобнымі выканаўцамі, бо яны выступаюць не толькі яскравым прыкладам рэгіянальнай спеўнай традыцыі, а і ўзорамі спадчыны беларускай вуснай творчасці наогул.

   ⇔



 

Неопределенный
Другие новости
В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
В рамках «Недели профсоюзной культуры» 25 ноября на базе Смолевичского  городского Дома культуры состоялось мероприятие «Народные таланты тебе, Беларусь!»
Кірмашовыя святы пад назвай “Надышоў вясёлы час – завітаў кірмаш да нас” разам з дзецьмі ладзілі супрацоўнікі ДЦК “Расток” г. Маладзечна. Святы наведалі больш за 600 дзяцей.
Rating All.BY
Каталог TUT.BY