Ігрышча “Ката пячы” аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці

МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Ігрышча “Ката пячы” аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці

аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці

21 чэрвеня 2017 года абрадавае ігрышча “Ката пячы” атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Ігрышча “Ката пячы” з’яўляецца характэрным для тэрыторыі Міншчыны. На працягу XX стагоддзя даследчыкі фальклору фіксавалі яго ў многіх раёнах Мінскай вобласці – Слуцкім, Лагойскім, Вілейскім, Бярэзінскім і іншых. У аграгарадку Скірмантава Дзяржынскага раёна гульня захавалася дзякуючы роду Рэдзько. Сёння жыхары Скірмантава з’яўляюцца адзінымі носьбітамі і захавальнікамі традыцыі ў яе жывым бытаванні. Мясцовая супольнасць аграгарадка стала ініцыятарам прадстаўлення ігрышча “Ката пячы” на Рэспубліканскай навуковай радзе.

Ігрышча – гэта збор моладзі для танцаў, гульняў і іншых забаў або вечарынка з пітвом, частаваннем. Калі гульня “Жаніцьба Цярэшкі”, што ўжо ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі з Лепельскага раёну Віцебскай вобласці, была прымеркавана толькі да каляднага перыяду і, у асноўным, гэта была пагулянка моладзі, то ігрышча “Ката пячы” маглі спраўляць і ў Каляды, і ў перадкалядны пост Піліпаўку, і на Міхайлу зімовага. У аграгарадку Скірмантава збіраюцца на пагулянку ўскладчыну 27 лістапада на Загавенне перад Піліпаўкай (назаўтра наступае перадкалядны пост).

Адметнасць скірмантаўскага ігрышча — па-першае, у тым, што гэта жывая традыцыя, якая дайшла да нашага часу, па-другое, на яго збіраюцца не толькі маладыя нежанатыя дзяўчаты і хлопцы, але і сямейныя пары. Традыцыя была скіравана на тое, каб кожны знайшоў сабе пару і стварыў сям’ю, а жанатыя – жылі ў шчаслівым шлюбе, нараджалі дзяцей, працягваючы свой род.

Галоўным дзеяннем вечара з’яўляецца выраб фігуры “ката” з булак пэўнай формы, якія спецыяльна выпякаюцца загадзя ў печы па традыцыйным рэцэпце. Часткі “ката” адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой, галава “ката” аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы.

Ката ўпрыгожваюць каляровай стужкай, нясуць да Чырвонага Кута са словамі: “Мы ад печы да кута нясём лысага ката” і прывязваюць да столі. Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць, дзеля чаго кожны па чарзе “едзе на качарзе” да ката са словамі: “Ад парога да кута еду да лысага Ката. Цап за Ката!” і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.). Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост. Потым, падчас танцаў, фігуру Ката непрыкметна здымаюць і пачынаюць дзяліць яго паміж усімі ўдзельнікамі з рознымі прыгаворкамі (гаспадару – галава, а вам дзяўчаткі – лапкі, каб вашы мужыкі былі заўсёды каля хаткі, а табе – спінку, каб выгадаваў добрую свінку і г. д.). А пасля таго, як увесь пірог падзелены, усе частуюцца каўбасой (хвастом Ката).

Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост з забаронамі не толькі на скаромнае, але і на гульні ды забавы.

Перыяд з’яўлення гульні дакладна невядомы. Па сведчанню сталых жыхароў, яна існавала ў многіх вёсках Дзяржынскага раёна яшчэ ў перыяд маладосці іх бацькоў. Асноўнай захавальніцай гульні “Ката пячы” была Соф’я Адольфаўна Радзько, якая нарадзілася ў в. Грынкевічы (4 км ад Скірмантава), жыла ў Скірмантава, дзе стварыла самадзейны калектыў “Сваякі” і кіравала ім, перадаючы, як носьбіт, свае веды аб фальклорнай спадчыне роднай вёскі і сямейных музычна-спеўна-харэаграфічных традыцыях роду Рэдзько. Яна памерла ў 2009 годзе, і яе нявестка Наталля Пятроўна Рэдзько стала яе пераемніцай. Наталля Пятроўна – салістка, знаўца народных песень і танцаў, стваральніца калектыву “Весялуха”, зараз асноўны захавальнік традыцыі, арганізатар ігрышча. Яна паходзіць з музычнай сям’і, дзе бацька іграў на гармоніку, а маці спявала.

Пераемнікамі традыцыі ўнутры сям’і таксама сталі пляменнік і ўнукі Соф’і Адольфаўны. З’яўляючыся ўдзельнікамі калектываў “Сваякі” і “Весялуха”, яны працягваюць праводзіць ігрышча ў мясцовым доме культуры, дзе створаны пакой традыцыйнай культуры з элементамі сельскай хаты. Яны перадаюць веды аб мясцовых традыцыях маладым удзельнікам калектываў, дзецям, мясцовай моладзі. Сёння носьбіты і пераемнікі традыцыі з’яўляюцца і асноўнымі яе спажыўцамі. Але функцыі гэтай абрадавай гульні паступова пашыраюцца: папулярызацыя ігрышча садзейнічае аднаўленню мясцовых народных харэаграфічных, спеўных, гульнявых традыцый, узбагачаючы баўленне вольнага часу, актыўная практыка народных традыцый садзейнічае згуртаванню мясцовых супольнасцей Дзяржынскага раёна і заахвочвае да захавання сваёй рэгіянальнай традыцыйнай культуры.

Ігрышча “Ката пячы” з’яўляецца яркім прыкладам культуры адпачынку на аснове мясцовай спадчыны, якую захавалі ў сваім асяродку жыхары Скірмантава, аб’яднаныя ў самадзейныя творчыя калектывы “Сваякі” і “Весялуха”. Яны штогод ладзяць гульню, лічаць яе цікавай, важнай часткай культурнай спадчыны сваёй мясцовасці.

Историко-культурные ценности ►

 

 

Неопределенный
Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY