МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Знаёмства з традыцыйнай культурай Ракава

18 кастрычніка ў Ракаўскім Цэнтры народнай творчасці (далей – ЦНТ) ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Валожынскага раёна” адбыўся семінар для кіраўнікоў фальклорных калектываў на базе Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорнага гурта “Гасцінец”.

Удзельнікаў семінара сустрэлі дырэктар Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці Лямбовіч Хрысціна Станіславаўна і кіраўнік “Гасцінца” Пятроўская Лізавета Станіславаўна, апранутыя ў традыцыйныя народныя строі свайго рэгіёна. Яны запрасілі гасцей прайсці за імі ў скарбніцу культурных здабыткаў Ракава, адзначыўшы, што на дадзены момант ЦНТ – адзіная клубная ўстанова такога тыпу ў аграгарадку.

Лізавета Станіславаўна пазнаёміла прысутных з калекцыяй традыцыйных музычных інструментаў, якія не проста захоўваюцца ў Цэнтры, а рэгулярна выкарыстоўваюцца падчас выступленняў калектыву. Сярод экспанатаў, прадстаўленых увазе гасцей, былі: свістулькі некалькіх відаў, дуда, барабан, акарына, ліра, цымбалы, басэтля. Пра іх асаблівасці, гісторыю і прызначэнне коратка распавяла Хрысціна Станіславаўна. Удзельнікам мерапрыемства нават давялося пачуць аўтэнтычныя беларускія мелодыі, дзеля прыкладу выкананыя на некаторых з вышэйпералічаных інструментаў.

Удзельнікі семінару былі азнаёмлены з асаблівасцямі работы з дзецьмі, даведаліся, якім чынам адбываюцца арганізацыя і правядзенне традыцыйных беларускіх святаў: народнага календара (такіх як Запусты, Гуканне вясны, Вялікдзень, Сёмуха, Купалле, Багач і інш.) і сямейна-абрадавых (у прыватнасці вясельных); убачылі відэаматэрыялы з узорамі правядзення тых ці іншых абрадаў. Вялікую цікавасць у прысутных выклікаў фрагмент відэапрэзентацыі “Ракаўскіх вячорак” (2004 г.), у якім адбывалася адлюстраванне так званага “набыцця мужыка на базары”; таксама вартым увагі стаў абрад пляцення вянка для нявесты і “продажу” яго сватам. Ён уваходзіў у інсцэніроўку вяселля, пастаўленую на аснове ўспамінаў жанчыны з вёскі Дубіна Валожынскага раёна. Гэты нумар был прадстаўлены Цэнтрам творчасці на рэспубліканскім фестывалі народнага мастацтва “Берагіня” ў 2016 годзе.

Канцэртная і фестывальная дзейнасць ЦНТ была вынесена асобным пунктам семінара. Дырэктару ўстановы і кіраўніку Заслужанага аматарскага калектыву было чым падзяліцца са сваімі гасцямі. Яны распавялі пра ўдзел у Міжнародным фестывалі ў Германіі,  на якім выступілі так удала, што былі запрошаны арганізатарамі ў другі раз. Гэтая культурная падзея сабрала 10 еўрапейскіх краін. Потым гаворка ішла пра грант, выйграны Цэнтрам на паездку ў Амстэрдам; далей — пра Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве; затым — пра абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”, у якім “Гасцінец” прымае ўдзел рэгулярна (2015 г. – 1-е месца). Амаль на кожным з мерапрыемстваў шырокага маштабу, на якіх давялося пабываць ракаўскаму фальклорнаму калектыву, яго ўдзельнікі атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды і падзякі.

Увагу прысутных таксама звярнулі на калекцыю народнага адзення ракаўскага ЦНТ, пашытага спецыяльна для выступленняў.  Касцюмы гэтыя, дарэчы, з’яўляюцца дакладнымі копіямі традыцыйных мясцовых строяў канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. Аказалася, што ўзорам для пашыву элементаў традыцыйнага касцюма паслужылі фотаздымкі, зробленыя калісьці графам Бенядзіктам Тышкевічам, які ў свой час быў уладальнікам сядзібы на Валожыншчыне. Калі граф з’ехаў з Беларусі, ён забраў здымкі з сабою, а шмат гадоў пасля яны былі знойдзены ў Літве і ўрэшце – вернуты на радзіму.

Адметнай асаблівасцю ракаўскага традыцыйнага строя з’яўляюцца так званыя “вушкі” на каптуры, да якіх прышыта неразрэзаная шырокая стужка, што апускаецца на грудзіну, не завязваючыся пад падбародкам. Апавядальнікі прызнаюцца, што яе прызначэнне не высветлена да гэтай пары. Што тычыцца арнаменту, то ў яго колеры пераважае чаргаванне чорнага і белага. Увогуле першапачаткова арнамент на адзенні не быў такім шырокім і прыметным, як у пазнейшыя часы. Ён выконваў функцыю абярэга ад цёмных сіл і разнастайных “прырабаў”. У далейшым старажытныя традыцыі паступова пачалі адыходзіць у нябыт, а вышыванае аздабленне набыло функцыю больш эстэтычную, чым практычную.

Лізавета Станіславаўна прызналася, што большасць касцюмаў шые сваімі рукамі. Ёсць у калекцыі таксама рэчы, створаныя пры дапамозе старэйшых жыхароў Ракава, якія яшчэ памятаюць асаблівыя тэхнікі і ўзоры.

Напэўна, самым яскравым момантам семінара было выступленне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Гасцінец” і ўзорнага фальклорнага калектыву-спадарожніка “Вянок”, якое ўяўляла сабой своеасаблівы майстар-клас па спевах і танцах. Артысты паказалі сапраўднае майстэрства, у чарговы раз пацвярджаючы, што нездарма калектыў носіць такое высокае званне.

Завяршыўся семінар круглым сталом “Сучасны стан і праблемы існавання фальклорных калектываў”, які правяла загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Вольга Барысаўна Хачкова.

Таццяна КУРМАЗІЯ, 

вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

 

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY