МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

З чаго пачынаецца Радзіма?

Куточак райскі – песенная Раеўшчына… У гэтай прыгараднай вёсцы, што ўсяго ў трох кіламетрах ад Маладзечна, да цяперашняга часу гучаць песні мінулых стагоддзяў.

У кнізе «Памяць» пазначана, што гэты населены пункт вядомы з XVIII стагоддзя, між тым мясцовыя жыхары знайшлі ў архівах звесткі, што вёска існуе ўжо 360 год! Нават ёсць меркаванні, што ёй яшчэ больш… Як бы там ні было, апошняе свята вёскі тут адзначалі 17 год назад, таму мясцовыя жыхары з вялікім імпэтам рыхтаваліся да падзеі, прыбіралі двары і вуліцу, запрашалі сваякоў і гасцей. 

У сучаснай Раеўшчыне – тры вуліцы, 69 двароў, тут жыве амаль 150 чалавек. Вёска будуецца, прарастае новымі сучаснымі дамамі – блізасць горада ўдыхае ў яе новае жыццё. Ды і на дзядоўскіх, бацькоўскіх сядзібах нашчадкі стараюцца навесці парадак, а пустыя дамы трымаюцца ў цане, і на іх ёсць попыт.

Адкрыў свята старшыня Мясоцкага сельскага выканкама Алег Горбач. Павіншаваў мясцовых жыхароў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч. Вядучыя Таццяна Каляда і Сяргей Аруцюнян  запрасілі на сцэну лепшых працаўнікоў – Таццяну і Леаніда Рымша. Нельга было не парадавацца сямейным парам доўгажыхароў: Ефрасіння і Пётр Дылеўскія пражылі ў шлюбе 60 год, хутка адзначаць брыльянтавае вяселле Крысціна і Яўгеній Жук, 56 год разам Галіна і Фелікс Карасевіч. Віталі са сцэны мнагадзетную сям’ю Вольгі і Валерыя Андрушчанка, маладых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Івана Красоўскага, Валянціна Рымшу, Дар’ю Александровіч, Яўгенія Красоўскага, Уладзіслава Козел. Ушанавалі і самага маленькага жыхара Паўла Жука, яго бацькоў Кацярыну і Віталія. 

Напярэдадні ўрачыстасці ў вёсцы быў аб’яўлены конкурс па добраўпарадкаванні, вынікі якога былі агучаны са сцэны: лепшая сядзіба, самае арыгінальнае афармленне падвор’я ў Таццяны Сянько, у намінацыі «Умелыя рукі» пераможцам стала Дар’я Александровіч.

Прыгожыя песні ў выкананні Лады Лінкевіч, Таццяны Варнаўскай, Алены Качарго, Ані Філістовіч, вакальнага ансамбля «Журавачка» сталі выдатным музычным падарункам усім прысутным.

У цэнтры ўсеагульнай увагі былі і ўдзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька», які ў гэты дзень віншавалі з 45-годдзем. Гэта адзін з самых самабытных калектываў нашага раёна  Песні ў яго выкананні яшчэ ў мінулым стагоддзі ўвайшлі ў залаты фонд Беларускага радыё, гучаць у эфіры і сёння, удзельніц «Крынічанькі» неаднойчы  здымалі на тэлебачанне, яны выйшлі ў паўфінал рэспубліканскага тэлепраекта «Песні маёй краіны». 

Нязменная на працягу 32 год кіраўнік ансамбля Валянціна Данілевіч з вялікай удзячнасцю называла на свяце прозвішчы самых першых удзельніц, якія навучылі маладзейшых старадаўнім песням. Гэта Ніна Пазуха, Рэгіна Полаз, Вера Сымановіч (у пачатку 90-ых перад гастролямі ў Польшчу гэтыя жанчыны выткалі палатно на спадніцы для ўсяго калектыву), а таксама Ніна Дылеўская і Яўгенія Юрэцкая. Шмат год спявалі Марыя Галюк, Марыя Лосева – сапраўдныя берагіні народных традыцый, якія не толькі ведаюць шмат старадаўніх песень, але і хлеб, і пірагі пяклі па даўнейшых рэцэптах). Вялікі ўклад у развіццё ансамбля ўнеслі Ганна Сахацкая (яна, дарэчы, з’яўляецца старастам Раеўшчыны), Таццяна Кштальтная. Некаторы час тут спявала Вольга Шыбут, якую ведаюць як выдатную вышывальшчыцу. З гадамі калектыў абнавіўся, у цяперашнім яго саставе – Зінаіда Белень, Тамара Бярэзіна, Людміла Плісава, Тамара Троцкая, Ганна Шчыпанава, Святлана Капуцкая, Ірына Жук, Ірына Ярук. Нельга не сказаць і пра акампаніятара Уладзіміра Данілевіча, які больш за 30 год разам з жанчынамі выходзіць на сцэну. Больш таго, Уладзімір Уладзіміравіч іграе на вячорках, якія ладзіць у цэнтралізаванай клубнай сістэме раёна этнаграфічны клуб «Кола». Ён побач з моладдзю і сам маладзее душой.

Арыгінальныя сувеніры ўручыла юбілярам дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Ганна Владыка: для кожнай з удзельніц заказалі гліняную імянную ляльку-скарбонку. І гэта вельмі сімвалічна: за 45 год існавання «Крынічанька» і сама стала скарбонкай народнай творчасці, адной з візітных картак нашага раёна, без якой не абыходзяцца Зажынкі і Дажынкі, Купалле, іншыя святы. Віншаваў калектыў, у якім спявае яго матуля, з якім пэўны час працаваў сам, таленавіты музыкант і педагог, наш знакаміты дудар Сяргей Ярук. Разам з пляменніцай Валерыяй, якая іграла на цымбалах, ён падарыў любімаму ансамблю прыгожыя беларускія мелодыі.

Насычаным і шматгранным атрымалася свята вёскі. А закончылася яно дасціпнымі жартамі, якія гучалі ў рамках раённага конкурсу гумару і гульні «Пацехі па-маладзечанску». З Пятроўшчыны завітаў цыганскі табар (Кацярына Барысава, Святлана Галубовіч, Юрый Лешчык), Вольга Зяновіч з Гарадка падрыхтавала гульнёвую праграму «Хлопцы, трымайцеся!», Ніна Руткоўская з Хажова чытала вершы, Віктар Сыракваш з Заскавіч – дасціпныя байкі. Алеся Шчарбакова з Відзеўшчыны ўсіх насмяшыла маналогам «Абанемент на фітнес», Таццяна Варнаўскага з Краснага разважала на тэму «Мужчыны і жанчыны». К канцу свята ва ўсіх слухачоў балелі сківіцы ад смеху, ногі – ад скокаў, далоні – ад гарачых апладысментаў. Значыць, мерапрыемства ўдалося.

«Мы з мужам паставілі побач свае лялькі з імёнамі Валянціна і Уладзімір, манеткі ў іх раз-пораз кідаем, свята ўспамінаем і радуемся, – шчыра гаворыць Валянціна Данілевіч. Радуемся, што 44 гады разам пражылі, дзяцей вырасцілі, унукаў дачакаліся. І што як у маладосці ёсць натхненне і іграць, і спяваць, на сцэну выходзіць, быць карыснымі для сваёй роднай Раеўшчыны. Яна для нас – сапраўдны рай на зямлі…»

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА

 

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY