МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

«Усё пачынаецца з любві»

У фае ДУ МАЦНТ 15 верасня 2019 года адбылася прэзентацыя чарговых паэтычнага зборніка і песеннага дыска народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел аўтары і выканаўцы з розных куткоў Міншчыны, якія сабраліся разам, каб сагрэць пранікнёным паэтычным словам ужо трошкі па-асенняму зябкі вераснёўскі дзень. І, трэба сказаць, у іх атрымалася! Да таго ж, тэма прэзентацыі як нельга лепей спрыяла гэтай цудоўнай мэце – бо што, як не каханнне, акрыляе сэрцы і прымушае гарачую кроў рухацца хутчэй? Што, як не каханне, дае сілы працягваць жыць і глядзець у будучае з надзеяй нават тады, калі лёс падкідвае ўсё новыя і новыя выпрабаванні?

Адкрыла мерапрыемства кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірына Аляксандраўна Карнаухава. Падчас свайго выступлення яна шчыра павіншавала ўсіх прысутных з выданнем 24-га зборніка пад назвай «Дакрануцца да світання» і падзякавала Марыне Шапавалавай і Бажэне Мацюк за карпатлівую і плённую працу па карэктуры тэкстаў выдання, у якое ўвайшлі творы 72 аўтараў з 18 раёнаў Міншчыны. Таксама Ірына Аляксандраўна не абмінула ўвагай выпуск дзясятага, юбілейнага, дыска самадзейных кампазітараў вобласці, што складаецца з дзвюх частак агульнай колькасцю ў 39 песень.

Важная для творцаў Міншчыны літаратурна-музычная падзея прыцягнула ўвагу шматлікай публікі – у імправізаванай зале яблыку недзе было ўпасці. Падчас імпрэзы гучалі вершы і песні, прысвечаныя не толькі рамантычнаму каханню, але і любові да сваёй малой радзімы, куточка, дзе кожны чалавек бярэ пачатак і з якім да скону звязаны моцнай нябачнай ніццю. Менавіта гэтай кранальнай тэме былі прысвечаны выступленні Тамары Аўсяннікавай з Маладзечна (верш «Мае вытокі»), Тамары Кашчэвай з Фаніпаля (песня на словы Анатоля Зэкава «Мая бусліная краіна»), Галіны Нупрэйчык з Клецка (верш «Бацькоўскі дом»), Генадзя Пічугіна са Смалявіч (верш «Родной дом») і Дзмітрыя Сушко (песня на словы Таццяны Атрошанка «Родны дом»), Генадзя Парыкіна (аўтарская песня «Моя деревня»).

Галіна Нічыпаровіч з в. Магільна Уздзенскага раёна прачытала верш «Не адпускай», менавіта словы з якога «дакрануцца да світання» і далі назву зборніку, такім чынам назаўсёды ўвайшоўшы ў агульную гісторыю «Жывіцы».

Нотку дабрадушнай іроніі прыўнёс у лірычную атмасферу мерапрыемства верш члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі, рэдактара прэзентуемага выдання Юрыя Юр’евіча Гарбачова (Юрася Нератка), у якім аўтар даў трапную і дасціпную характарыстыку той вялікай разнастайнасці вершатворцаў, якія праходзяць праз яго вочы падчас працы над новымі кніжкамі. Юрый Юр’евіч адзначыў належны ўзровень аўтараў і высокую якасць твораў, што былі змешчаны ў дадзеным зборніку, і нават вылучыў некалькі вершаў, на яго думку, ужо дастойных нават уключэння ў школьную праграму.

Паэтэсы Марыя Лебядзько са Стаўбцоўшчыны і Таццяна Цвірка з Клецка сваімі вершамі «Повстречались лето с осенью» і «У восені загадкавая ўсмешка» правялі слухачоў па ціхім асеннім завулкам і ўзрушылі ў іх душах шмат непаўторных эмоцый.

Аўтар з Барысава Алена Брыцкая прачытала паэтычны твор «Мои мелодии», які вельмі прыйшоўся даспадобы публіцы і стаў удалай ілюстрацыяй лірычнай вершавана-песеннай атмасферы імпрэзы.

На філасофскі лад настроіла прысутных кампазіцыя «Рака жыцця» на словы Яўгена Прадзядовіча ў выкананні Валянціны Беланоўскай, а барысаўчанін Анатоль Мазгоў адкрыў гасцям і ўдзельнікам канцэрта асаблівасці нялёгкай долі літаратара ў сваім вершы «Паэт».

Ну і, канешне ж, не абышлося ў гэты дзень без твораў пра зямное каханне, якое, не толькі запальвае агонь у мужчынскіх і жаночых сэрцах, але і нараджае ў душах прагу да творчасці і самавыяўлення. Вось і аўтар-выканаўца са Старых Дарог Людміла Журава натхнілася і напісала песню «Притяжение», якую ў гэты дзень прадставіла ўвазе публікі. А Настасся Швядко з аг. Пятрышкі Мінскага раёна зачытала свой пранікнёны верш «Вот-вот рассыплюсь на осколки».

Але ж гэтым любоўная тэма ў выступленнях паэтаў і музыкантаў не вычарпала сябе. Юрый Белоў з Маладзечна і Валерый Каняхін з Пухавіцкага раёна выканалі песні «Уведут» і «Любовь не знает границ», а Бажэна Мацюк, цудоўная паэтэса і па сумяшчальніцтве вядучая прэзентацыі, прачытала верш «Размаўляй са мной».

Паэтычную эстафету мерапрыемства завяршылі Анатоль Шкода з Заслаўя і Валянціна Шчарбакова з Нясвіжа, прадставіўшы паэтычныя творы «Улыбнитесь» і «Я шукала надзеі і веры».

Напрыканцы імпрэзы эстэтычны густ слухачоў як след пацешылі ўдзельнікі народнай студыі эстраднай песні «Імпэт», у выкананні якіх прагучалі песні на словы Янкі Сіпакова («Твае рукі»), Генрыха Кутаса («Паштоўка») і Яўгеніі Янішчыц («Пачынаецца ўсё з любві»). Дарэчы, музыку да гэтых цудоўных твораў напісала нязменны кіраўнік студыі Галіна Кутас.

Пасля завяршэння мерапрыемства яго ўдзельнікі яшчэ доўга не маглі разысціся і нешта вельмі ажыўлена абмяркоўвалі, фатаграфаваліся, дзяліліся між сабой шматлікімі ўражаннямі ад пачутага і ўбачанага падчас некалькіх канцэртных гадзін.

Таццяна Курмазія,

вядучы рэдактар ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Другие новости

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

Rating All.BY
Каталог TUT.BY