МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Скарбонка мая – Міншчына!

Раённы фестываль аматарскіх калектываў і выканаўцаў Уздзеншчыны «Спявай, мой край!», прысвечаны 80-годдзю Мінскай вобласці, прайшоў 27 студзеня ў Палацы культуры.

У фестывалі-канцэрце ўдзельнічалі таленты рознага ўзросту і прафесій. На раённай сцэне ў той дзень амаль усе яны былі ўпершыню, таму хваляванне іх зразумелае. Дружныя апладысменты і цёплыя ўсмешкі гледачоў, якіх у зале сабралася нямала, – ім у падарунак. Пачалася святочная вечарына з «культпаходу» па Міншчыне, у які вершаванымі радкамі запрасілі вядучыя Алена Малашэвіч і Аляксандр Каханы. Гэту завочную вандроўку аздобіла відэапрэзентацыя «Міншчына – жамчужына Беларусі».

Скарбонка мая – Міншчына,

Ты шчасце маё, мой лёс.

Старонка мая – Міншчына,

Я ўдзячна табе да слёз…

Шчырае прызнанне прысвяціла роднаму краю самадзейная паэтка, аўтар вершаў і музыкі, ветэран працы Ала Шыбко, якой было прадастаўлена пачэснае права адкрыць фестываль. А старт яму дала «Беларуская плясавая» ў выкананні дзіцячага калектыву «Уздзяначка» пад кіраўніцтвам Таццяны Смоляк.

Творчую скарбонку фестывалю папоўніў гурт «Сяброўкі» ў складзе Зоі Канановіч, Алены Бераг і Наталлі Ахрамовіч з Хатлянаў. Дружнымі апладысментамі ўзнагародзіла зала і вакальную групу «Азярынка» ў складзе Ядзвігі Бушмакінай, Зінаіды Дзянісавай, Зінаіды Міхадзюк, Ірыны Самовіч і Ірыны Сахаравай, якія выступалі пад акампанемент Юрыя Росліка. Дарэчы, на раённую сцэну Зінаіда Міхадзюк трапіла, як кажуць, з карабля на баль. Нядаўна яна была ўдзельніцай ток-шоу «Шчаслівы вечар» на першым канале Беларускага тэлебачання. Яна цудоўна выконвае са сцэны песні ды вершы. Дома апякуецца над вялікай гаспадаркай, дзе каля паўсотні гусей, свінаматка з парасятамі, вялізны кветнік. А якія пірагі пячэ! 

Пра тое, «Як на пенсію пайшла» і актыўны занятак у клубе знайшла, расказала ўдзельніца мастацкай самадзейнасці з Прысынка Тамара Трус. Разам з ёю Прысынкаўскі СДК на фестывалі прадстаўляла пяцікласніца Аляксандра Бокуць, якая і спявае, і танцуе, і на цымбалах іграе. Яшчэ адна юная спявачка, Аліна Жагалковіч, выступала ад Кухціцкага СДК. Кожны выхад на сцэну – свята душы для Яніны Іванаўны Бондар са Стальбоўшчыны, дзе яна працуе даяркай і ўдзельнічае ў вакальнай групе «Зарачанка». На працягу 20 гадоў поруч з гэтым самадзейным калектывам і повар дзіцячага садка з Магільна Святлана Дубіцкая. Лірычныя песні «Туманы», «Плыве вяночак» у іх выкананні кранулі кожнага з гледачоў. Апладысменты, кветкі, шчырыя словы падтрымкі і ўдзячнасці ад загадчыцы Стальбоўскага СДК Людмілы Андрэцкай…Цікавая біяграфія ў Аляксея Вальнова. Яго малая радзіма – Ліцвяны, жыве ва Уздзе, працуе ў Дзяржынску, спявае на сцэне Дома культуры ў Зенькавічах. У выкананні гэтага таленавітага маладога чалавека прагучалі знаёмыя і любімыя «Родительский дом» і «Вологда».

З песняй па жыцці ідзе жыхарка вёскі Лоша, мнагадзетная маці, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Галіна Сетун. Доўгі час працавала лесніком, цяпер – у сталічнай бальніцы. І ў той дзень жанчына толькі раніцай вярнулася з сутачнага дзяжурства, а вечарам заступала зноў. Аднак не выйсці на сцэну яна проста не магла, як, дарэчы, і Ала Кунцэвіч і Уладзімір Фарафонтаў з Румка. Той, хто хоць раз чуў, як спявае гэты сямейны дуэт, які пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах Камянкоўскага СДК, пацвердзіць: слухаць іх – сапраўдная асалода для душы.

На мінскіх заводах, дзе колісь працавалі, яны таксама былі актыўнымі ўдзельнікамі розных канцэртаў, пераехаўшы ў вёску, працягваюць спяваць для ўдзячных слухачоў.

Сапраўдным бенефісам стала гэта імпрэза для жыхара райцэнтра, былога малалетняга вязня Івана Любчанкі. Прачытаўшы афішу фестывалю, ён вырашыў і сам узяць удзел, аб чым паведаміў яго арганізатарам. Ініцыятыва была падтрымана, і вось Іван Ермалаевіч прымае шчырыя апладысменты залы. «Спадзяюся, што і наступны раз буду таксама выступаць не толькі без акампанементу, але і без хвалявання», – казаў пасля І. Любчанка.

Пакарылі публіку сваім чароўным голасам жыхарка Дзешчанкі Марына Манькоўская і Ірына Сіротка з Каралёва. Не менш, напэўна, хваляваліся і маленькія зорачкі з вакальнай групы «Задорынкі» пад кіраўніцтвам Антаніны Каханай, выступленне якіх стала сваеасаблівым падарункам усім ўдзельнікам мерапрыемства.

 Жыццёвае крэда творчых людзей: «Дарыць усюды радасць людзям, пакуль сэрца біцца будзе». А ўвогуле фестываль яшчэ раз пацвердзіў: таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім.

Святлана Міхайлоўская

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY