МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

«Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць»

У Капыльскім раёне адзначылі Дажынкі-2019.

Хлебам здаўна вымерваюць магутнасць дзяржавы, таму словы вялікай падзякі ўсім, хто меў дачыненне да багатага каравая на нашым стале, хто нястомна і плённа працаваў на зямлі і здабываў багаты ўраджай, гучалі на свяце Дажынак, якое для хлебаробаў з’яўляецца адным з самых галоўных.

Каб залацістае зерне ўлілося ў багатую жніўную скарбонку нашай Радзімы, плённа папрацавалі 14 гаспадарак раёна. Сёлета агульны дажыначны сноп капыльскіх хлебаробаў вельмі значны: у ім – звыш 124 тысяч тон збожжа. У ім – клопат кожнага руплівага працаўніка Капыльшчыны.

Ганаровае права ўнесці апошні дажыначны сноп, як і летась, дадзена лепшым камбайнерам жніва-2019 – Аляксандру Майсу і Сяргею Сямашку з адкрытага акцыянернага таварыства «Ціміразеўскі».

Спакон веку святкаванне Дажынак пачыналася з пляцення вянка, які лічыўся сімвалам ураджайнасці. Яго абавязкова плялі вялікім, асвячалі ў царкве, а на Дажынках уручалі гаспадарам. І ў гэты дзень на свяце кіраўнік раёна Сяргей Пілішчык атрымаў традыцыйныя дажыначныя вянок і сноп у якасці пажадання дастатку і дабрабыту. Звярнуўшыся да ўдзельнікаў свята з прывітальным словам, Сяргей Міхайлавіч адзначыў:

«Уборачная кампанія заўсёды была сур’ёзным экзаменам для аграрыяў. Яна і зараз выставіла рэальныя адзнакі арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў і спецыялістаў, праверыла ўзаемадзейнасць розных структур упраўлення, уменні механізатараў і надзейнасць уборачнай тэхнікі. І сёння я выказваю словы ўдзячнасці ўсім, хто шчыра працаваў у гэтыя гарачыя ўборачныя дні і атрымаў працоўную перамогу».

Усім вядома, што найвялікшую карысць свайму народу прыносіць той, хто вырасціў два каласы на полі, дзе калісьці ўзрастаў адзін. За плённую працу кіраўнікам гаспадарак раёна, якія прыклалі шмат намаганняў, каб атрымаць багаты ўраджай, прагучалі шчырыя словы падзякі, а капыльскія прыгажуні ўручылі ім караваі са збожжа новага ўраджаю.

Дарагім госцем на свяце стаў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар.

«Паважаныя хлебаробы Капыльшчыны! Прыміце шчырыя віншаванні ад імя Мінаблвыканкама і яго старшыні Анатоля Ісачанкі! – вітаў Ігар Мікалаевіч герояў жніва. – Каравай гэтага года — гэта плюс 35 тысяч тон збожжа да ўзроўню мінулага. Гэта добры прырост да гульнага каравая Міншчыны. Капыльскі раён мае ўсе магчымасці, каб дасягнуць большага выніку. Таму пажадаем аграрыям не спыняцца на дасягнутым і старанна працаваць на ўраджай будучага года».

Ганаровую грамату Мінаблвыканкама Ігар Макар уручыў кіраўніку аддзялення «Душава» ААТ «Прагрэс-2010» Аляксандру Васілевічу. Падзяку старшыні Мінаблвыканкама атрымаў трактарыст-машыніст СГФ «Руднае» ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» Ігар Цвілевіч.

Словы віншавання хлебаробам Капыльшчыны прагучалі і ад першага намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталя Ракевіча.

Пад шчырыя апладысменты героі ўборачнай кампаніі «Жніво-2019» атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама Сяргея Пілішчыка і яго першага намесніка Віталя Ракевіча. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна лепшай прызнана ААТ «Праснакі» (дырэктар Віталь Платун). Лідарам сярод галоўных аграномаў сельскагаспадарчых арганізацый стаў намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Патоцкі, а сярод галоўных інжынераў сельскагаспадарчых арганізацый – намеснік дырэктара па механізацыі ААТ «Семежава» Міхаіл Мінец. Экіпаж камбайна КСУП «Доктаравічы» ў складзе Уладзіміра Вярбілы і Сяргея Карабейкі прызнаны лепшым сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў. Сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа ў ліку лідараў – вадзіцель ААТ «Капыльскае» Міхаіл Дымаў, які на аўтамашыне МАЗ перавёз 2229 тон збожжа. На сімвалічную першую прыступку п’едэстала гонару ў гэты дзень з ліку маладых экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў падняўся экіпаж  ААТ «Ціміразеўскі» ў складзе Аляксандра Майсы і Сяргея Сямашкі. Першае месца сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа заняў кіроўца ААТ «Піянер-Агра» Раман Серы. А вось сярод брыгад аператараў зернесушыльных установак лепшым стала звяно гэтай жа гаспадаркі ў складзе Тараса Жэнчака, Міхаіла Рабцэвіча, Сяргея Адамчыка і Мікалая Здановіча.

Не застаўся ўбаку ад віншаванняў і ўзнагарод і галіновы прафсаюз. Шчырыя словы падзякі за самаадданую працу прагучалі ад старшыні Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіла Боды, а лепшыя з лепшых аграрыяў атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Так, рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу узнагародзіў Ганаровай граматай дырэктара ААТ «Старыца-Агра» Уладзіміра Рудакоўскага і трактарыста-машыніста УП «ПІК-Лясное» Сяргея Клочку, а Падзякай – галоўнага агранома СГФ «Руднае» ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» Віталя Купрыянчыка і трактарыста-машыніста ААТ «Скабін», старшага камбайнера Андрэя Волкава. Ганаровую грамату Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымала вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Піянер-Агра», старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ганна Бахта. Лепшым механізатарам была аб’яўлена падзяка Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Самых добрасумленных працаўнікоў адзначыла і Капыльская раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Як заўсёды, гасцей свята прывабліваў прыемны пах ежы, які даносіўся з прыгожа аформленых падвор’яў, прадстаўленых сельгаспрадпрыемствамі. Кожнае здзіўляла сваімі стравамі, але галоўным атрыбутам подворкаў з’яўляліся дажыначны сноп і каравай, спечаны з мукі сёлетняга ўраджаю.

Традыцыйна кожны год на Дажынках падводзяцца вынікі выстаў-конкурсаў дажыначных снапоў, караваяў з мукі новага ўраджаю, а таксама вясковых падворкаў. Не стаў выключэннем і гэты год. Назвы пераможцаў абвясціла старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Сцяпура. Так, лепшыя снапы сплялі ў ААТ «Старыца-Агра», СГФ «Руднае» і філіяле «Лакнея». Самыя смачныя караваі спяклі ў ААТ «Ціміразеўскі», філіяле (філіяле чаго?) «Вялікая Раёўка» і УП «ПІК-Лясное». Самыя прыгожыя падворкі прадставілі адкрытыя акцыяекрныя таварыствы «Праснакі», «Прагрэс-2010» і «Капыльскае». Прыз глядацкіх сімпатый атрымала ЗАТ «Жыліхава».

Зноў-такі па традыцыі дажыначны сноп як эстафету правядзення Дажынак атрымаў кіраўнік гаспадаркі, якая прыме свята ў наступным годзе, дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі.

Прысутныя з задавальненнем частаваліся караваямі з мукі новага ўраджаю, якія былі надзвычай духмяныя і смачныя, бо кожная крупінка ўвабрала цяпло руплівых рук хлебаробаў і іх клапатлівасць.

Цудоўны святочны канцэрт героям жніва і гасцям падарыў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы» (мастацкі кіраўнік Вера Войнава).

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY