МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Семежаўскія "Цары"

Капыльшчына ў чарговы раз вітала ўсіх, хто не ўпусціў магчымасці стаць сведкам унікальнага каляднага абраду «Цары», унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Яскравае самабытнае дзейства традыцыйна разгарнулася ў аграгарадку Семежава акурат напярэдадні старога Новага года. Старт мерапрыемству быў дадзены ў цэнтральным парку населенага пункта, дзе пад гукі радыёканцэрта паступова збіраліся дзясяткі гасцей. У іх ліку — старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Лосік.

Падчас насычанай святочнай праграмы сумаваць дакладна нікому не прыйшлося. Так, яшчэ да пачатку асноўнага дзейства працавалі Дом-музей Героя Беларусі М. С. Высоцкага і Цэнтр ткацтва.

На пляцоўцы каля Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу, на імправізаванай сцэне, ладзіўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Музычны настрой стваралі ансамблі «Сяброўкі», «Валошкі» і мясцовыя спевакі-аматары.

Вабіў сваёй стракатасцю і ажыўленасцю калядны кірмаш. Паласавацца разнастайнымі прысмакамі запрашалі прадстаўніцы Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці і Песачанскага цэнтра культуры і вольнага часу. Акрамя гэтага былі арганізаваны выстава-дэгустацыя і продаж прадукцыі ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». «Смачнае суправаджэнне» забяспечвалі і работнікі райспажыўтаварыства. Шматлюдна было ў цёплай палатцы раённай арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, дзе валанцёры частавалі ўсіх жадаючых гарачай гарбатай з печывам.

А які ж Шчадрэц без варажбы? Даведацца пра сваю будучыню гасцям свята прапаноўвалі «варажбіткі» са Старыцкага, Бучацінскага і Жыліхаўскага сельскіх дамоў культуры. Сувеніры і цацкі ў шырокім асартыменце можна было набыць на выставах-продажах Капыльскага РЦК, Капыльскага ТЦСАН, клуба «Скарбонка» і індывідуальных прадпрымальнікаў. Сваю прадукцыю прапаноўвала і майстар пернікавых спраў Вольга Рэўтовіч.

Нямала ўдзельнікаў кірмашу паспыталі шчасця ў бяспройгрышных латарэях, арганізаваных работнікамі Ляшнянскага клуба-бібліятэкі. Госці прымалі актыўны ўдзел у гульнях і конкурсах. Напрыклад, яны разам з ратавальнікамі Капыльскага РАНС і роставай лялькай Спасайкам спрабавалі разгарнуць цукерку ў баявых рукавіцах (крагах), а таксама ў цікавай форме аднаўлялі свае веды па правілах бяспекі. Акрамя таго, дарослых і дзяцей забаўлялі казачныя персанажы, у ролі якіх выступілі прадстаўнікі сферы культуры і школьнікі-семежаўцы.

Аднак самае цікавае чакала наперадзе. Пасля афіцыйнага адкрыцця свята, падчас якога да прысутных звярнуўся Сяргей Пілішчык, на пляцоўку роўным строем нарэшце выйшлі абодва калектывы «Цароў» — малодшы і старэйшы. Галоўныя героі ўнікальнага дзейства, апранутыя ў белыя штаны і кашулі; чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, крыж-накрыж завязаныя на грудзях, і высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі; ў суправаджэнні каларытных персанажаў Аптэкара, Мамая, Механошы, Дзеда і Бабы на вачах гледачоў разыгралі драму «Цар Максімілян».

Пасля прадстаўлення хлопцы накіраваліся па азначаных маршрутах, дзе іх ужо зачакаліся семежаўцы. З надыходам цемры «цары» запалілі факелы — і без таго эфектнае шэсце стала яшчэ больш таямнічым і ўрачыстым. У суправаджэнні мясцовых жыхароў, гасцей свята і шматлікіх прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі калядны гурт пераходзіў з двара ў двор, дэманструючы даўні семежаўскі абрад і адначасова разносячы па хатах шчасце. І да гэтай пары яшчэ існуе павер’е аб тым, што калі «Цары» да каго завітаюць, то абавязкова прынясуць удачы на ўвесь год. І не толькі гаспадарам, але і ўсяму іх роду. Таму і адорваюць такіх калядоўшчыкаў шчодра.

Абрад «Цары» ў в. Семежава
Абрад «Цары» ў в. Семежава
Абрад «Цары» ў в. Семежава
Абрад «Цары» ў в. Семежава
Абрад «Цары» ў в. Семежава
Абрад «Цары» ў в. Семежава
Другие новости

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

Rating All.BY
Каталог TUT.BY