МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Самае галоўнае свята горада

Маштабна, весела і ярка адзначыў Капыль Дзень горада.

У падрыхтаванай арганізатарамі насычанай праграме знайшлося месца для  займальных мерапрыемстваў, разлічаных на любы ўзрост і густ.

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуўся старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык.

«Дзень горада традыцыйна з’яўляецца адной з самых любімых гараджанамі і гасцямі падзей, якую чакаюць і да якой старанна рыхтуюцца. І невыпадкова. Бо гэта не проста свята, а дзень нараджэння ўсіх тых, у лёсе, душы і свядомасці каго Капыль пакінуў значны след. Гэта свята ініцыятыўных, працавітых людзей, якія імкнуцца ісці ў нагу з часам і любяць свой горад. Свята тых, хто прымнажае славу капыльскай зямлі, і, канешне ж, свята маладога пакалення – тых, каму аднойчы давядзецца пераймаць эстафету адказнасці за лёс сваёй малой радзімы», – адзначыў у сваім выступленні Сяргей Міхайлавіч.

У адкрыцці свята прыняла ўдзел і старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, а таксама шматлікія госці. Сярод іх – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалогіі і інфармацыйнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ліпніцкі, старшыня Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода, намеснік дырэктара ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» Ігар Абрамовіч, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» Уладзімір Крывіцкі, дэлегацыі Нясвіжскага і Клецкага раёнаў, протаіерэй, благачынны цэркваў Капыльскай акругі айцец Сергій Чарны, ксёндз касцёла святых Пятра і Паўла Рымска-каталіцкага прыхода Андрэй Калядка.

Стала добрай традыцыяй падчас святкавання Дня горада заносіць у Кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна звесткі аб лепшых грамадзянах – тых, хто ўнёс значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, сваёй працай праславіў Капыльшчыну. Дарэчы, у гэтым годзе Кніга знайшла ўвасабленне ў спецыяльна зробленым да свята макеце неверагодных памераў. Сёлета ганаровы спіс папоўнілі восем прозвішчаў. Гэта маёр міліцыі ў адстаўцы, ветэран органаў унутраных спраў Капыльскага райвыканкама Мікалай Максіменя, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Семежава» Уладзімір Карсюк, загадчык малочнатаварнай фермы «Васільчыцы» ААТ «Піянер-Агра» Эдуард Куцця, ветэраны працы Зоя Салановіч і Ніна Ларына, машыніст экскаватара філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» «ДРБУ № 124» Іван Бярозка, старшы вытворца работ КУП «Капыльскі рамонтна-будаўнічы ўчастак» Пётр Бялькевіч, майстар лесу Старыцкага вопытна-вытворчага лясніцтва ДВЛГУ «Капыльскі вопытны лясгас» Аляксандр Барцэвіч.

Каб пачуць заслужаныя віншаванні, на сцэну падымаліся і тыя, каму за ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь былі аб’яўлены падзякі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Высокай адзнакі ўдастоены чацвёра прадстаўнікоў Капыльшчыны: урач-інфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага аддзялення УАЗ «Капыльская ЦРБ» Валянціна Козел; урач-тэрапеўт, загадчык Цімкавіцкай участковай бальніцы УАЗ «Капыльская ЦРБ» Валянціна Астроўская; загадчык аддзела культурна-масавай і метадычнай работы ДУК «Капыльскі раённы цэнтр культуры», рэжысёр народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі» Любоў Галубовіч; мастацкі кіраўнік раённага цэнтра традыцыйнай культуры, кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі «Капыляне» Вячаслаў Курчык.

На змену афіцыйнай частцы прыйшло тэатралізаванае шэсце – маштабнае дзейства, якое складалася з разнастайных тэматычных блокаў.

Падчас выступлення самадзейныя артысты – прадстаўнікі працоўных і творчых калектываў – разгарнулі перад гледачамі захапляльныя сцэны з розных сфер дзейнасці Капыльшчыны. Сельская гаспадарка, прамысловасць, сацыяльны напрамак – усё знайшло ўвасабленне ў бесперапынным шэрагу дынамічна маляўнічых карцін, што змянялі адна адну.

Арганізатары пастараліся на славу, і ў выніку гледачы былі ў захапленні ад прапанаванай разнастайнасці: здзіўлялі і касцюмы, і ўдала падабранае музычнае суправаджэнне, і масавыя танцавальныя флэшмобы ўдзельнікаў шэсця. Эфектным дапаўненнем да дзейства сталі нумары запрошаных калектываў хадулістаў і мажарэтак.

Пасля ўрачыстага адкрыцця свята і тэатралізаванага шэсця масавыя мерапрыемствы разгарнуліся ў зоне адпачынку і на дзіцячай гульнявой пляцоўцы. Аматары спорту таксама маглі знайсці занятак па душы.

У зоне адпачынку раз-пораз чулася шчырае «Са святам, дарагія!». Прыгожымі вырабамі са скуры, вышыванкамі і тканымі ручнікамі прыцягваў Горад майстроў. Усе, хто меў азарт, маглі прыняць удзел у разнастайных гульнях і незвычайных спаборніцтвах. З асаблівай зацікаўленасцю госці разглядалі работы, прадстаўленыя на конкурсы лавак і парасонаў. А паглядзець і на самай справе было на што! Каля крэатыўных конкурсных вырабаў з задавальненнем фатаграфаваліся дарослыя і дзеці. Пра розныя памятныя імгненні жыцця горада і жніва нагадвалі фотаздымкі, прадстаўленыя рэдакцыяй газеты «Слава працы». Шашлыкамі і рознымі іншымі прысмакамі прываблівалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства.

І вось нарэшце настаў хвалюючы момант падвядзення вынікаў конкурсаў на лепшую лаўку і самы крэатыўны парасон. Найпрыгажэйшыя лаўкі, па меркаванні журы, вырабілі ў Капыльскім вопытным лясгасе, раённым будаўнічым участку і філіяле «Аўтапарк № 21». Аўтарамі самых запамінальных парасонаў сталі педагогі Лясноўскай і Ванелевіцкай СШ, а таксама працаўнікі РБУ. Усе прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

У дзіцячым парку ладзіліся вясёлыя конкурсы, хлопчыкі і дзяўчынкі садзіліся за руль невялічкіх аўтамабіляў, гушкаліся на арэлях і скакалі на  паветраных атракцыёнах. А супрацоўнікі РАНС пад радасны дзіцячы смех «запальвалі» на небе вясёлку, пускаючы ваду з брандспойтаў. Словам, кожны знаходзіў спосаб весела правесці вольны час на такім доўгачаканым свяце.

А бліжэй да вечара часова апусцелая плошча Леніна зноў напоўнілася гоманам і смехам – для капылян і гасцей горада была падрыхтавана насычаная вячэрняя праграма. Так, зарад энергіі і добрага настрою прысутныя атрымалі падчас выступленняў запрошаных на святочны канцэрт артыстаў. Песеннае суправаджэнне сёлетняга Дня горада забяспечылі мясцовыя творчыя калектывы, а таксама гурт «Беларусы».

Кульмінацыяй свята стаў ашаламляльны феерверк. Доўгачаканае дзейства на некалькі хвілін ператварыла неба над Капылём у неверагодную карціну, на якую ў захапленні накіраваліся сотні захопленых позіркаў.

Тых жа, у каго пасля насычанага дня яшчэ засталіся сілы і энергія, чакала танцавальная праграма.

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY