МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Сакральны ланцужок узораў

Экспанаты, створаныя пры самых светлых пачуццях – з дрэва, паперы, упрыгожаныя бісерам і роспісам, керамічныя і з тканіны, – можна было патрымаць у руках, каб разгледзець сакральны ланцужок узораў ці інкрустацыю з саломкі. Так шчыра вабіла вока і акрыляла душу хатняя калекцыя майстроў V адкрытага рэгіянальнага свята-конкурсу “Велікодная пісанка”, які  ладзіўся ў Стоўбцах.

 

52 удзельніка з 9 раёнаў Мінскай вобласці прыехалі сюды, каб наталіцца святам народнай творчасці, паказаць лепшыя свае знаходкі і нешта цікавае падгледзець у калег. Майстры аздаблення велікодных яек і іх вучні, і нават выпадковыя госці, якія сюды зазірнулі на хвілінку, а затрымаліся на гадзінку, атрымалі дадатны зарад пазітыва і добрага настрою. Самай шматлікай была стаўбцоўская “каманда” – больш за 20 чалавек! Дзяржыншчыну і Случчыну, Чэрвеншчыну і Уздзеншчыну, Вілейшчыну і Любаншчыну таксама прадстаўлялі лепшыя майстры. З імі канкурыравалі непаўторныя творцы з Клецкага, Мядзельскага і Барысаўскага раёнаў.

 

Маленькія і вялікія, стракатыя і сціплыя, але такія каларытныя святочныя яечкі, у якіх жыве душа мастака і яго непаўторнае светаўяўленне, красаваліся ў фае Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры напярэдадні каталіцкай Пасхі і праваслаўнай Вербнай нядзелі. Кожны, хто завітаў сюды, паспрабаваў свае здольнасці ў мастацтве роспісу яек – традыцыі з глыбінь вякоў. Ён не змог не заўважыць, з якой любоўю гэта свята рыхтавалі арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама разам з работнікамі  ДУ “Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры”.

 

Вялікая колькасць дзяцей на свяце ўразіла старшыню журы V рэгіянальнага свята-конкурсу майстроў аздаблення велікодных яек “Велікодная пісанка” Яўгена Сахуту. Прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці бачыць у гэтым добры знак пераемнасці і ганарыцца тым, што нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне. Яўген Міхайлавіч заўважыў, як моцна зараз стала адчувацца цікавасць да адраджэння традыцыйнага беларускага роспісу яек. Ён успамінаў:

– Мы ледзь не згубілі гэту сялянскую каляндарную традыцыю ў савецкі час. Было і такое: калі ў школе даведваліся, што які-небудзь вучань прынёс велікоднае яйка, яго бацькоў маглі напаткаць непрыемнасці за прапаганду рэлігіі ці забабонаў. Але традыцыя роспісу яек мае такія глыбокія карані, якія дазволілі ёй перажыць стагоддзі, сацыяльныя змены і аднавіцца ў лепшыя часы, каб з’яднаць пакаленні. Таму што яйка – сімвал адраджэння жыцця.

Вочы разбягаліся, гледзячы на велікоднае хараство. Няма межаў народнай фантазіі і ўдасканаленню прыёмаў упрыгожвання велікодных яек. Асаблівае месца сярод іх займае пісанка. Гэта амаль самы распаўсюджаны і просты спосаб аздаблення на Беларусі. Таму і на свяце-конкурсе шмат удзельнікаў шчыравалі менавіта ў гэтай тэхніцы. Новыя прыёмы дэкору ўжываліся нараўне з забытымі, такімі як шкробанне (драпанне), але ўсе яны маюць права на існаванне як варыяцыі традыцыйнага беларускага рамяства. У тэхніцы шкробанкі сярод іншых майстроў аздабляла свае работы Ірына Чараповіч з Мядзельскага раёна, што дазволіла ёй атрымаць адну з вышэйшых узнагарод свята-конкурсу.

Выдатныя работы атрымліваюцца ў вучняў Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў Стаўбцоўскага раёна. Хатнія і конкурсныя, яны заўсёды адметныя і непаўторныя. Юныя майстрыхі пад кіраўніцтвам Святланы Карніцкай аздабляюць яйкі бісерам, а вучні Уладзіміра Трубача распісваюць фарбамі.

  

Чараўніцтва стварэння керамічных яек гіпнацізіравала гледачоў. Так спасылала нябачныя флюіды майстар Квасыніцкага цэнтра рамёстваў Слуцкага раёна Таццяна Лістапад. Затрымалася каля яе і я. Лёгкі націск тонкага шыла – і ўзнікаюць на гліне нейкія таямнічыя знакі. У якіх снах, па якіх старажытных краінах вандравала мастачка, дзе падгледзела свае клінапісныя пасланні-падарункі, каб стаць адной з пераможцаў свята-конкурсу?

 

Не злічыць здольнасцей і талентаў майстра з Уздзенскага раёна Святланы Шчэрбач. Аўтэнтычныя лялечкі і пісанкі, тканыя посцілкі і вышываныя ручнікі стварае Святлана Анатольеўна. Усё, чым авалодала сама, перадае сваім шматлікім вучням, праслаўляючы родны край.

На V адкрытым рэгіянальным свяце-конкурсе “Велікодная пісанка” Святлана Шчэрбач атрымала Гран-пры. Яе хатняя калекцыя і конкурсная работа адрозніваліся наватарскімі ідэямі, крэатыўнасцю і беражлівымі адносінамі да традыцый малой радзімы як неад’емнай часткі нашай любімай Беларусі.

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ   

Фота аўтара

Больш ФОТА ў Фотагалерэі ►

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY