МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Рух па стрэлках

Андрэй Мартынюк родам з Дзяржынска. Яго ведаюць як таленавiтага майстра i смелага наватара ў мастацкай разьбе па дрэве. У яго руках гэты прыродны матэрыял ператвараецца ў… гадзiннiкi. Аўтарскiя цуды Мартынюка цiкаюць у музеях, кабiнетах дзяржустаноў i офiсах вядомых кампанiй. А яшчэ хранометры з Дзяржынска ўпрыгожваюць галерэi i прыватныя калекцыi ў розных краiнах свету.

Андрэй Мiхайлавiч – апантаны аматар прагрэсу. Ён спецыялізуецца на звычайных i вялiкiх па памеры гадзiннiках. Арыгiнальнасць формаў яго работ з алешыны, дубу, ясеню і бярозавай фанеры ўражвае крэатыўным падыходам. Творца пастаянна ўдасканальвае навыкі свайго незвычайнага рамяства. Кожны, нават серыйны, гадзiннікавы асобнiк вiдазмяняецца – механiзмам, дызайнам, матэрыялам i афарбоўкай. Так, гадзiннiк з дрэва павiнен быць апрацаваны адмысловым рэчывам, каб яму не перашкаджалі тэмпература i вiльготнасць памяшкання.

Калi з жывым прыродным матэрыялам усё зразумела, дык ад формаў гадзiннiкаў Мартынюка проста вочы разбягаюцца. Ёсць з боем i без, з рознымi гукамi, незвычайнымi механiзмамi запуску, у выглядзе рыбак, чэшырскiх катоў, соў, млыноў, чаўноў, вагаў, домiкаў… У сваёй захапляльнай творчасцi майстар спыняцца не хоча. Тым больш, што i зацiкаўленыя клiенты гэтага яму не дазволяць.

На пытанне, якім шляхам прыходзіць да разьбяра муза, той адказвае: «Муза i музыка для мяне – сяброўкi. Я заўзяты меламан, слухаю выбiтныя гурты: ад The Beatles да Radiohead… Люблю цяжкi i класiчны рок, якасную электронную музыку. Уключаю з ранiцы i працую. Сям’я ў нас таксама падкаваная ў гэтай справе – слухае i грае. Сыну калiсьцi самастойна зрабiў электрагiтару, на якой ён адыграў аж два курсы музычнага вучылiшча iмя Глiнкi. Потым рабiў розныя гiтары, электраскрыпкi, электравiяланчэль, iншыя iнструменты».

Вялікая экспазiцыя работ Андрэя Мартынюка знаходзiцца ў Станькаўскiм доме культуры. Там наведвальнікаў чакаюць прыемныя сюрпрызы ў выкананнi Андрэя Мiхайлавiча: дзiўная батлеечная кампазiцыя для дзяцей i дарослых «Балабуха», хранометры калекцыi «Выцiнанка», гадзiннiк «Герб Мiншчыны» з боем, «Сонца-Месяц» і ішыя вясёлыя гадзiннiкi разнастайнай тэматычнай скіраванасці.

Дырэктар Дзяржынскага раённага цэнтра культуры i народнай творчасцi Лiдзiя Драчынская кажа: «Сёння даведацца, колькi зараз часу, – не праблема. Звычайныя гадзiннiкi даступныя паўсюль: на ўсялякiх гаджэтах, наручных бранзалетах, манiторах. Але такая рэч у дрэве – неверагодны эксклюзiў. Адзiн дзяржслужачы з Мiнаблвыканкама ахарактарызаваў высокамастацкiя гадзiннiкi Андрэя Мiхайлавiча словамi: “Нас не будзе, зменяцца пакаленнi, а такi цуд застанецца назаўсёды ў нашай установе – будзе радаваць гасцей з розных куткоў свету”».

У Андрэя Мiхайлавiча вельмi аптымiстычны i сучасны погляд на жыццё. З iм будзе цiкава паразмаўляць як падлетку, так i пенсiянеру. Гэты чалавек шукае сябе няспынна i рухаецца ў такт часу, які адчувае вельмі тонка. Можа, справа ў тым, што майстар наладжвае гадзiны, хвiлiны i секунды на сваiх вырабах. Як сапраўдны творца, Андрэй Мiхайлавiч Мартынюк не марна трацiць каштоўны жыццёвы час, а з сэнсам пражывае кожны дзень у безупынным пошуку новых ідэй.

Таццяна Шымук

Фота Віталя Піваварчыка

Другие новости

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

Rating All.BY
Каталог TUT.BY