ПЕСНЯ НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ…

МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

ПЕСНЯ НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ…

Малая Радзіма – гэта тое, што забраць немагчыма. Яна з табою заўжды і паўсюды. Яна настолькі твая – што яе не адабраць. З ёю чалавек  нараджаецца на свет, адтрымлівае жыццё і забірае з сабою, пакідаючы мір.

Там, дзе вырас, - навекі

Той у сэрцы куток;

Там цяплейшыя рэкі,

Там бярозавы сок

Саладзейшы,

Смачнейшы

Там бабовы стручок.

Не ў роскашы вялікай

Гадаваўся і рос.

Падпяразаны лыкам

Быў юнацкі мой лёс.

Толькі тым ганаруся,

Тым уцешаны я,

Што я сын Беларусі,

Тут  Радзіма мая…  

(П.І. Шыдлоўскі)

Амаль стагоддзе гэтым вершам, а чытаючы іх, здаецца, што гэта з сэрца кожнага з нас растуць мільёны ўспамінаў, пахаў, кветак, гукаў – толькі нашых…  Такім творчым дарам, самабытным талентам паэта і кампазітара надзяліла родная зямелька нашага славутага зямляка, уражэнца вёскі Прысынак, Паўла Іванавіча Шыдлоўскага, 110-годдзе са Дня нараджэння якога урачыста адзначалі ў мінулую нядзелю ў Прысынкаўскім сельскім Доме культуры, дзе Павел Іванавіч з 1935 года на працягу 50 гадоў працаваў спачатку загадчыкам мясцовай хаты-чытальні, а потым клуба. 

Усё жыццё і дзейнасць Паўла Іванавіча непарыўна звязана з роднай Уздзеншчынай. Яго песні, вершы – гэта песні аб роднай прыродзе, аб працавітых, дабразычлівых людзях роднай зямлі.  Маючы толькі 3% зроку на адно вока, ён сэрцам адчуваў пахі і гукі.  Выходзячы раніцою на ганак, падстаўляючы першым промням сонейка ліцо, ці ловячы ў далоні каплі дожджыку альбо  халодныя ільдінкі снегу Павел Іванавіч душою размаўляў з прыродай і ўсе пачуцці выліваліся ў вершы, якія потым станавіліся песнямі, а песні гучалі у выканнані вясковых жанчын, удзельнікаў створанага ім самадзейнага харавога калектыву і аднойчы даляцелі да самой Масквы. Яго песня “Прывітальная Маскве” адкрывала Дэкаду беларускага мастацства 1955 года ў сталіцы. Песні П.І. Шыдлоўскага гучалі на радыё, у выкананні прафессійных спевакоў і шматлікіх самадзейных калектываў.  Яны жывуць і сёння, бо яго песні – гэта душа народа, роднага краю, наша спадчына, якой мы ганарымся.  Песні П. І. Шыдлоўскага узбагачаюць творчы рэпертуар народнага ансамбля народнай песні “Зборная субота”  і народнага хора ветэранаў “Надзея” Уздзенскага РДК.

За вялікі ўклад у развіццё беларусскай культуры і  мастацства Павел Іванавіч Шыдлоўскі быў удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга, узнагароджаны медалямі, яму было прысвоена званне заслужанага Дзеяча культуры Беларускай ССР.

Ушанаваць памяць аднавяскоўца, зямляка  на юбілейны вечар-успамін “Песня на ўсё жыццё” ў Прысынкаўскі СДК 24 чэрвеня сабралася амаль усё сяло, знаёмыя з Узды, блізкая радня Шыдлоўскіх і запрошаныя госці.   Адкрылі вечарыну і павялі сардэчны  аповед пра шчаслівы, але не лёгкі лёс песняра роднага краю, чалавека незвычайнай душэўнай прыгажосці Паўла Іванавіча Шыдлоўскага мясцовыя жанчыны Марыя Трус і Надзея Герасімовіч.  І нават сонейка выглянула з-за цёмных хмар у гэты час, калі загучалі і паплылі над вёскай песні Паўла Іванавіча “Пасаджу каліну ў полі”, “Песня пра Уздзеншчыну”, “Летняя ночка” у выкананні мясцовых артыстак, якім душэўна падпяваў зал…

Як прыемна было бачыць слёзы задавальнення і замілаваныя усмешкі на тварах паважаных гасцей вечарыны – дачкі П.І. Шыдлоўскага 84- гадовай Марыі Паўлаўны , зяця Паўла Адамавіча (якому, дарэчы, ўжо 91год) і іх дачкі Святланы Паўлаўны, старэйшай і самай любімай ўнучкі кампазітара.  Святлана Шыдлоўская з сям’ёй многа год жыве ў расійскім горадзе Туле, часта наведвае сваіх састарэлых бацькоў у Мінску, прыязджае ўлетку з імі у Прысынак, дзе вырасла і выгадавалася пад казкі, песні і байкі дзеда. Па-беларуску, шпарка і з гумарам вяла яна гутарку з залам, рассказвала дзедавы вершы і гумарэскі, дзялілася цёплымі успамінамі.  І маладзелі твары у глядзельнай зале, адчуваючы глубокія карані творчай спадчыны сваёй малой радзімы.

Сапраўдным падарункам для усіх, хто наведаў у гэты дзень Дом культуры, стала і сустрэча з самадзейным калектывам, маладзёжным аркестрам народных інструментаў Цэнтра дадатковай адукацыі “Ветразь” з горада Мінска, якім кіруе Валянціна Каржова – чалавек вельмі творчы і апантаны. У вёсцы Прысынак жыла яе бабуля, тут нарадзілася мама, якую у свой час забраў да сябе у хор салісткай знакаміты Г.І.Цітовіч, а яна сама малой дапамагала бабулі на ферме і бегала на танцы у Прысынкаўскі драўляны клуб.

Не перадаць словамі тыя уражанні, якія панавалі пад час выступлення гэтага калектыву! Музыкі сядзелі і віртуозна выконвалі класічныя творы, песні і музыку беларускіх кампазітараў, творы з любімых кінафільмаў прама сярод глядзельнай залы, даючы тым самым магчымасць кожнаму амаль дакрануцца душою да кожнага інструмента, -  а гэта і скрыпка, і домра , і балалайка, і аккардыён… Чулы голас салісткі калектыву Алесі Лявончык ад выканання “Аве-Марии” да “Что так сердце, что так сердце растревожено…”  кранаў за сэрца, зваў за сабою.  Спявалі ўсе…

Успаміны, апладысменты, песні, добры настрой панавалі у гэты нядзельны дзень у Прысынкаўскім Доме культуры, на якім даўно вісіць шыльда, што “Тут працаваў на працягу 50 гадоў заслужаны дзеяч культуры Беларускай СССР, самадзейны кампазітар Павел Іванавіч Шыдлоўскі”.  А вось выразаную з дрэва шыльду “У гэтай хаце жыў самадзейны кампазітар П. І. Шыдлоўскі”, якую зрабіў уласнымі рукамі гукарэжысёр РДК Аляксандр Зыблюк, падаравалі на свяце сям’і  Шыдлоўскіх, каб кожны, хто завітае у в.Прысынак, меў магчымасць далучыцца да спадчыны зямлі Уздзенскай

…Тут і Нёман нарадзіўся,

    І паэтаў не злічыць -

    Як жа гэтую зямельку

    Дарагую не любіць.

 Ой, у ранні на світанні

Песня радасці ўзлятай,

Я цябе заўжды праслаўлю

Родны, Уздзенскі мой край!

(П.І. Шыдлоўскі)

 

Л.К. Цвірко

"Ветразь"
24.06.2018 Присынковский СДК
Вядучая свята Мария Трус
Внучка Светлана
Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY