МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Па старонках фестывалю “Чароўны куфэрак”

18-20 мая 2017 года ў Любанскім раёне адбыўся ХІ абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, які аб’яднаў дзіцячыя і маладзёжныя тэатры Міншчыны, гасцявыя калектывы з Мінска, Гродна, Харкава – усяго 16 калектываў.

 Фестывальная праграма была цікавая і сапраўды насычаная падзеямі. 

У чацвер, 18 мая, адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю, на якім гледачы змаглі на экране пабачыць усю 20-гадовую гісторыю “Чароўнага куфэрка”, візітоўкі тэатральных калектываў. Пасля адбыўся спектакль “Муха-Цакатуха” у пастаноўцы гасцей з Гродна Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь музычна-драматычнага тэатра “Гарадзенскі званочак”.  

Далей на прэм’ерны спектакль запрасілі любанцы – узорны тэатр “Летуценнікі” школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Алы Каткавец, якія прапанавалі пастаноўку па п’есе С.Кавалёва “Пясочны замак” (дарэчы, яны сталі лаўрэатамі ІІ ступені).

Узорны тэатр-студыя “Тэст” з Маладзечна пасродкам казачных лясных падзей і звярыных прыгод узняў даволі глыбокую людскую праблему – “не ствары сабе куміра”.

У заключэнне першага фестывальнага дня для моладзі і бацькоў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіў спектакль “Гэта ўсё яна” ў пастаноўцы Монікі Дабраўлянскай на вечную тэму “бацькоў і дзяцей”. 

Наступны дзень таксама абяцаў шмат цікавых сустрэч з тэатральным мастацтвам, да таго ж да драматычных тэатраў далучыліся лялечнікі, і журы працавала вельмі напружана. Спектаклі ішлі на некалькіх сцэнах адначасова. Сярод лялечных тэатраў асабліва вызначыліся ўзорныя тэатры“Батлейка” Дзераўнянскай  дзіцячай школы мастацтваў Стаўбцоўскага раёна (лаурэат І ступені)  і “Чараўнікі” Дома культуры п.Энергетыкаў Дзяржынскага раёна (лаурэат ІІ ступені)

 

А ў 15 гадзін жыхары і госці горада маглі назіраць вялікае тэатралізаванае шэсце ад плошчы да парка культуры, дзе адбылося маляўнічае свята дзяцінства “Тэатральны хаўрус”. Кожны з тэатраў прапанаваў прысутным сваё канцэртнае выступленне.  

Вечарам увазе гледача была прадстаўлена камедыя па творах Леапольда Родзевіча і Францішка Аляхновіча “Адамавы жарты” з удзелам былых выхаванцаў “Чароўнага куфэрка”, якія сталелі разам з фестывалем, а  цяпер – прафесійныя акцёры. 

Жанравая палітра спектакляў была самая разнастайная. Гэта сцэнічны партрэт па мініяцюрах Фелікса Крывіна – вельмі ўдала прадстаўлены ўзорным тэатрам “Нюанс” з Барысава (рэжысёр Зоя Міхалькевіч). А спектакль па творы Л.Сепульведы “Мама-Кот” (“з прэтэнзіей на мюзікл”, як вызначыла жанр рэжысёр Алена Калюжына), пастаўлены ўзорным тэатрам “Ступені” гімназіі №1 г.Дзяржынска, акрамя арыгінальнай  пастаноўкі, уразіў сваёй масавасцю і ўзроставым дыяпазонам – побач са старшакласнікамі ў ім прымалі ўдзел і вучні малодшых класаў.

Упрыгажэннем “Чароўнага куфэрка” стаў народны мастацкі калектыў дзіцячы тэатр “Сорванцы” з Харкава, які прывез у Любань два спектаклі. Вясёлая гісторыя “Манюня” прымусіла бальш дарослых гледачоў акунуцца ў піянерскае дзяцінства, а моладзі адкрыла новы погляд на жыццё далёкіх равеснікаў з 70-х. І прыгожай фінальнай кропкай стаў спектакль харкаўчан “Шчаўкунчык і Мышыны кароль”.

Падчас усіх трох дзён плённа працавала глядацкае журы, якое на закрыцці фестывалю па-свойму, з кемлівасцю і гумарам, падвяло вынікі, не абыйдучы ніводны калектыў і стварыла яшчэ адно прадстаўленне па старонках фестывалю. 

Лаурэатам І ступені сталі ўдзельнікі фестывалю з Мар’інай Горкіузорны музычны тэатр “Залаты ключык”, які ажыццявіў маляўнічую і яскравую пастаноўку па творы Ш.Рашыдава “Наргіс”. 

Радуе, што з кожным годам пашыраецца кола ўдзельнікаў “Чароўнага куфэрка”, якія любяць гэты фестываль не толькі як конкурс, але і як сапраўднае казачнае свята натхнення, творчасці, святла і сяброўства.  

Ала Ганецкая, вядучы метадыст па тэатральным мастацтве   

Больш фота ў Фотагалерэі ►

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY