МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Нематэрыяльная культура – галоўнае багацце беларускага народа

У мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» 12 верасня прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай нематэрыяльнай культурнай спадчыне Мінскай вобласці.

Гэта першая ў Рэспубліцы Беларусь і ўнікальная ў сваім родзе выстава. У яе экспазіцыі сабрана 12 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з калядным абрадам «Цары» (в. Семежава Капыльскага раёна), паглядзець фотаздымкі элемента «Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі “Журавушка”, “Глыбокія крыніцы”, “Павалякі”» (вёскі Ямінск, Закальнае і Обчын Любанскага раёна), убачыць атрыбуты каляднага абраду «Шчадрэц» (в. Рог Салігорскага раёна), макет дуба з калядой з абраду «Цягнуць Каляду на дуба» (Бярэзінскі раён).

Арганізатары выставы прапануюць затрымацца на выставе каля стала з кніжкамі і пачытаць казкі з элемента «Выканальніцкае майстэрства Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай у жанры казкавай прозы (в. Магільна Уздзенскага раёна)» ці паглядзець на відэа, як іх распавядала сама носьбітка. Прыхільнікаў аўтэнтычнай абраднасці зацікавіць відэазапіс абраду «Перанос Міхайлаўскай свячы» (аг. Вяляцічы Барысаўскага раёна) і традыцыі шанавання Святога каменя (в. Крамянец Лагойскага раёна).

Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены тэматычны блок, прысвечаны абразу Маці Божай Будслаўскай і Будслаўскаму фэсту (Мядзельскі раён). Яшчэ можна падзівіцца на традыцыйнага ката, што з’яўляецца цэнтральным элементам абрадавага ігрышча «Ката пячы» (аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна).

Мерапрыемства пачалося даволі незвычайна – з праслухоўвання беларускай народнай казкі пра дзеда і лісу, запісанай са слоў Л. М. Цыбульскай з в. Магільна Уздзенскага раёна, у выкананні загадчыка аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Уздзенскага раённага дома культуры Людмілы Казіміраўны Цвірко. Публіка была ўражаная іскрамётнасцю народнага гумару, трапнасцю жывога беларускага слова, а таксама выдатным выканальніцкім майстэрствам апавядальніцы.

Для ўрачыстага адкрыцця выставы з прывітальным словам і лепшымі пажаданнямі да ўсіх гасцей і арганізатараў выставы звярнулася дырэктар ДУ «МАЦНТ» Ірына Пазняк.

Пасля выступілі дырэктар фонда «Культурная спадчына і сучаснасць», эксперт РБ у міжурадавым камітэце па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА Ала Сташкевіч і журналіст, грамадскі дзеяч Рэгіна Гамзовіч.

Пра некаторыя асаблівасці правядзення абрадавай гульні «Ката пячы», распавяла носьбіт і захавальніца народных традыцый сваёй мясцовасці Наталля Рэдзько з аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна, якая пераняла гэты абрад ад сваёй свекрыві.

Затым слова ўзяла вядучы спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастатцтваў» Алена Каліноўская.

Пробашч мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай, ксёндз-канонік Францішак Рудзь распавёў пра «Будслаўскі фэст», які адбываецца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня, а таксама пра яго асаблівае значэнне для духоўнага жыцця беларусаў.

Адпаведную атмасферу падтрымала пранікнёнае выступленне ансамбля «Дзюшэс» хора «Cantus Cordis», які выканаў псалом да Маці Божай. Музыку да яго напісаў славуты сын Міншчыны – кампазітар Станіслаў Манюшка, 200-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета не толькі ў нашай рэспубліцы, але і ва ўсім свеце.

Некалькі слоў пра нематэрыяльныя каштоўнасці беларусаў сказаў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута.

Майстар-клас па ткацтве пояса «на ніту» прадставіла народны майстар Рэспублікі Беларусь Хрысціна Лямбовіч, якая прыехала са сваёй вучаніцай. Таксама гасцям выставы была дадзена ўнікальная магчымасць паназіраць за працай народнага майстра Рэспублікі Беларусь Таццянай Волкавай, якая прадстаўляла элемент «Закладная тэхніка ткацтва чырвона-белых ручнікоў (в. Семежава, Капыльскі раён)».

Напрыканцы мерапрыемства вясёлую нотку ўнеслі ўдзельнікі капэлы «Колісьнія» выкананнем традыцыйнай музыкі на бубне і дудзе.

Дадзеная выстава з’яўляецца значным крокам у важнай і неабходнай справе набліжэння беларусаў да сваіх культурных вытокаў і павышэння цікавасці жыхароў і гасцей краіны да спрадвечных беларускіх традыцый і духоўных арыенціраў.

Таццяна Курмазія,

вядучы рэдактар ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Другие новости

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

Rating All.BY
Каталог TUT.BY