МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Майстэрства рук і дрэва цеплыня

Што бачыць незвычайны мастак, калі датыкаецца да магутнай стваліны дрэва, каб выбраць менавіта свой “кругляк” і стварыць з яго нешта чароўнае? Аб гэтым мы даведаемся праз дзевяць дзён: менавіта столькі прадоўжыцца абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”. Сёлета 12 разьбяроў па дрэве з розных рэгіёнаў нашай краіны гасцінна прымае Клецкая зямля.

Урачыстае адкрыццё свята адбылося 7 чэрвеня ў парку культуры і адпачынку аграгарадка Янавічы Клецкага раёна. Не так часта ў глыбінцы ажыццяўляюцца такія маштабныя і вельмі цікавыя мерапрыемствы, таму на пленэр з драўлянай тэкстурай мясцовыя жыхары прыйшлі з вялікім задавальненнем. 

Таксама былі зацікаўлены ў правядзенні абласнога свята-конкурсу менавіта на Клеччыне і прадстаўнікі мясцовай улады. Аб гэтым паведаміў старшыня Клецкага райвыканкама Генадзь Салавей. 

– Наш горад грунтоўна рыхтуецца да святкавання свайго юбілею, 890-годдзя, – удакладніў Генадзь Міхайлавіч, – таму мы нецярпліва чакалі гэтага манументальнага конкурсу, каб запрасіць яго на гасцінную Клеччыну. Загадзя падрыхтавалі вялікую пляцоўку і аднавілі прыгожы парк у аграгарадку Янавічы, дзе будуць ствараць свае творы мастакі. На нашай зямлі заўсёды чакаюць і паважаюць такіх адметных гасцей. Мы і сваімі талентамі ганарымся, і жадаем гасцям-творцам увасобіць у самым моцным дрэве беларускай зямлі ўсе свае мары і творчыя задумы. Таксама маем намер усталяваць большасць скульптур, якія стануць сапраўдным аздабленнем, у Клецку, а частку пакінем у парку, дзе яны нараджаліся. З нашага боку, завяраю, будзе зроблена ўсё, каб захаваць іх у першазданным стане для шматлікіх будучых пакаленняў. 

Старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі далучыўся да Генадзя Салаўя і заверыў, што прафсаюзы таксама заўсёды падтрымаюць гэта творчае свята, яго ўдзельнікаў, залатыя рукі якіх страваюць незвычайныя скульптурныя цуды. Дзякуючы ім квітнее наша Беларусь і праслаўляецца далёка за межамі сінявокая Міншчына.

Мастацкія вырабы з дрэва найбольш яскрава адлюстроўваюць і захоўваюць старажытныя традыцыі і вераванні многіх народаў. У традыцыйных беларускіх драўляных рэчах выяўляецца натуральная прыгажосць і цеплыня матэрыялу, простыя, канструктыўныя формы. 

Сёння традыцыя вырабу драўлянай скульптуры працягваецца на новым ўзроўні. Таму садзейнічае абласное свята-конкурс “Сонечная цеплыня дрэва”. Яно праводзіцца  штогод з 2002 года і вандруе па Мінскай вобласці. За 15 год існавання мастакі стваралі свае скульптуры і пакідалі іх у народную спадчыну ў Смалявіцкім, Крупскім, Валожынскім, Старадарожскім, Вілейскім, Барысаўскім, Маладзечанскім, Стаўбцоўскім, Слуцкім, Мінскім і Мядзельскім раёнах.

Сярод разьбяроў – пяць са статусам “народны майстар Беларусі”, члены Беларускіх саюзаў мастакоў і майстроў народнай творчасці, рамеснікі, аматары і прафесіяналы з Мінска, Гомеля і розных куткоў Мінскай вобласці. 

Па словах старшыні журы, прафесара, доктара мастацтвазнаўства і старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Яўгена Сахуты, тэма для рэалізацыі творчых задумак вельмі багатая, як  гісторыя і прырода Клеччыны. А такой раскошы, як матэрыял для скульптур, разьбяры дагэтуль і не бачылі: мясцовыя арганізатары і прадпрыемствы прадаставілі ім якасныя, магутныя дубы. Здзівіліся і самі мастакі, а за тыя дзевяць дзён ім давядзецца прыкласці шмат сіл, каб апрацаваць гэтых волатаў. Але нашы майстры, нібы нашчадкі друідаў, ведаюць, як стасавацца з дрэвам, знайсці да яго падыход, прымусіць раскрыць сваю цеплыню і патаемную, але такую прыгожую душу, дадзеную на карысць людзям. 

Думаю, што ўрачыстае адкрыццё свята-конкурсу жыхары аграгарадка Янавічы надоўга запомняць. Застануцца ў іх памяці канцэрт, падрыхтаваны народнымі вакальнымі ансамблямі “Бацькаўшчына” і “Весялуха”, вырабы майстроў і рамеснікаў Клецкага раёна, а ўсе, каму цікава, як жа ажыццяўляецца творчы працэс, змогуць паназіраць за ім падчас з’яўлення драўляных скульптур. 

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

(На здымках фота аўтара)

 

 

 

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY