МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Матчыны кросны, бабулін сувой

Тры гады чакалі старадаражане сваё любімае свята, абласны конкурс па ткацтве “Матчыны кросны”. І не здарма, бо сёлета, ужо ў сёмы раз, сюды прыехала больш за сто майстроў-ўдзельнікаў, а таксама іх вучняў – годных нашчадкаў ткацкай спадчыны. Гэта было незабыўнае відовішча, калі Старыя Дарогі на некалькі цудоўных гадзін вярнуліся назад у мінулае! Нібы па ўзмаху чароўніка сярод вуліцы Кірава з’явіліся кросны, бёрды, а потым сталі шчыраваць над сваімі шэдэўрамі майстры ў народных строях. І толькі ўважлівыя гледачы ў сучаснай вопратцы нагадвалі аб тым, што мы знаходзімся ў сучаснай рэальнасці.

Папярэдняе, VI  свята-конкурс “Матчыны кросны” ладзілася ў Старых Дарогах у 2014 годзе і было прымеркавана 70-й гадавіне вызвалення Старадарожскага раёна ад нямецка-фашысцікіх захопнікаў. У ім прымала ўдзел больш за 70 майстроў, пераважна старадарожцаў. Адметнай падзеяй таго свята стала раскручванне “Кола творчасці”.  

За тры гады нашы майстры змаглі адтачыць сваё майстэрства і падрыхтаваць новых вучняў. Таму і колькасць ўдзельнікаў VII свята-конкурсу заметна павялічылася, а вырабы сталі больш разнастайнымі. Сёлета сюды нават прыехалі майстры з Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Ткацтва стала для іх сямейнай традыцыяй.

Для майстроў са Старадарожчыны, якая была першапачынальніцай абласнога свята-конкурсу па ткацтве “Матчыны кросны” ў 2000 годзе, гэта рамяство – неад’емная частка жыцця. Яны з 1994 года сэрцам і душой аддадзены найважнейшым традыцыйным народным промыслам. Тут плённа дзейнічаюць доўгатэрміновыя праграмы па зберажэнні, адраджэнні і развіцці забытых, але не страчаных рамёстваў.  

У 1997 годзе адбылася значная падзея – адкрыўся раённы Цэнтр рамёстваў, створана майстэрня па ткацтве, наладжана работа гурткоў і студый. Справу старэйшага пакалення майстроў працягваюць Вольга Давыдкіна – дырэктар Цэнтра рамёстваў, а таксама Валянціна Спадар, Таццяна Астроўская, Жанна Паўлава, Наталля Рудакоўская. А без майстра па вырабе ткацкіх станкоў Міхаіла Басякова наогул было б немагчыма наладзіць плённую справу. 

Пачалося ж VII абласное свята-конкурс, як заўсёды, з “Парада ручнікоў”, святочнага шэсця майстроў і іх ушанавання на Цэнтральнай плошчы горада. Пачэсныя першыя месцы былі адведзены самым паважаным ткачыхам, якія маюць статус “народны майстар Рэспублікі Беларусь”, ад якіх завярцелася і пайшло на лад традыцыйнае ткацтва Мінскай вобласці.

Шмат увагі арганізатары свята-конкурсу аддалі і маладой змене. І ў іх стане з цягам часу становіцца ўсё больш прыхільнікаў. Парадавала і тое, што сярод іх ёсць хлапчукі. Дзяніса Рудыка, напрыклад, ў ткацтва прывяла маці, якая сама моцна захаплялася беларускай вышытай кашуляй.

Калі ўспомніць гісторыю, дык ля вытокаў стварэння нашай дзяржаўнай каштоўнасці – слуцкіх паясоў, вытканых у “персіярнях”, наогул стаялі мужчыны-ткачы. І ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці ткацкім рамяством таксама пераважна займаліся мужчыны. Але так заўсёды: мужчыны традыцыі ствараюць, а жанчыны захоўваюць!

Па словах намесніка старшыні Старадарожскага райвыканкама Дзмітрыя Давыдава, гэтае свята-конкурс – лепшая магчымасць паназіраць за працай сапраўдных майстроў, паспрабаваць свае сілы ў старажытных рамёствах і потым далучыцца да тых, хто нашу спадчыну захоўвае.

Словы падзякі прадстаўнікам мясцовай улады, якія на сваёй зямлі збераглі традыцыі бацькоў, выказала дырэктар ДУ МАЦНТ Раіса Вайцяхоўская. Яна таксама адзначыла значны ўклад Мінскага аблвыканкама ў падтрымку і росквіт свята-конкурсу “Матчыны кросны”. 

Шмат увагі надаюць яму прадстаўнікі Саюза майстроў народнай творчасці і асабіста старшыня Саюза, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута. З моманту заснавання свята-конкурсу “Матчыны кросны” ён з’яўляецца старшынёй кампетэнтнага журы.

Яўген Міхайлавіч з гонарам падкрэсліў, што сёлетні конкурс ткацкага майстэрства праходзіць на Яблычны Спас, любімае народам свята. Ён таксама шчыра запрасіў кожнага з гледачоў паспрабаваць сябе ў ткацтве і спазнаць, колькі намаганняў прыкладвалі нашы продкі, каб сваімі рукамі стварыць простыя рэчы: ручнікі, посцілкі, паясы і кашулі… 

І вось пад спевы народнага ансамбля народнай песні “Случанскія святкі” са Слуцкага раёна майстры накіроўваюцца да сваіх прылад. І завялі пад іх рукамі гамонкі кросны, а ніткі сталі складвацца ў адмысловыя ўзоры, якія вывяраліся стагоддзямі. Такі, напрыклад, абярэжны ўзор ткала на сваіх кроснах удзельніца народнага клуба “Майстры Ігуменшчыны” Таццяна Савонава (Чэрвенскі раён). У яго аснове – сем ліній жыцця чалавека, ад нараджэння да апошняга дня. Яго Таццяне Савонавай перадала 97-гадовая бабуля Таццяна Протас. На жаль, яна не так даўно пакінула гэты свет, але завяшчала ў спадчыну пераемнікам тэхніку старажытнага ткацтва. Такім посцілкам надавалі сакральнае значэнне, іх рассцілалі каля дзіцячага ложка ці пасцелі цяжка хворага чалавека.   

Конкурс па ткацтве праводзіўся па двух накірунках. Можна было палюбавацца на вырабы, загадзя падрыхтаваныя майстрамі, рэдкімі музейнымі экспанатамі, якім больш за 50, а можа, і за 100 год! Там былі вышываныя ручнікі, старажытныя паясы і посцілкі. Нават некаторыя кросны, шчыльна “пабітыя” караедам, але дзеючыя, з’яўляліся сведкамі мінулага. А самім канкурсантам трэба было паказаць якасць і хуткасць працы, пацвердзіць высокі тэхналагічны і мастацкі ўзровень ткацтва ў адпаведнасці з традыцыямі свайго рэгіёна і выканаць фрагмент любога традыцыйнага вырабу (ручнік, сурвэтка ці пояс). Члены журы ў складзе вядучых спецыялістаў-этнографаў і мастацтвазнаўцаў у галіне традыцыйнай культуры пільна сачылі за канкурсантамі і ў падвядзенні вынікаў былі амаль аднадушнымі. На вышыні зноў апынуліся гаспадары свята-конкурсу “Матчыны кросны” – старадарожцы. Хутка, якасна і цікава ткалі любанскія майстры, а таксама капыляне, і амаль ні ў чым не саступалі госці з Брэсцкай вобласці. 

Шмат узнагарод і падарункаў атрымалі і маладыя рамеснікі, для якіх ткацтва – покліч душы і сапраўднае прызванне.

А Гран-пры абласнога свята-конкурсу “Матчыны кросны” атрымалі старадарожскія майстрыхі. Найлепшай па ткацтве стала Таццяна Міхалькевіч, а па вырабе пояса – Наталля Расцюшэўская.

 

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”

Фота аўтара

Больш фота - у фотагалерэі►

Другие новости
В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
В рамках «Недели профсоюзной культуры» 25 ноября на базе Смолевичского  городского Дома культуры состоялось мероприятие «Народные таланты тебе, Беларусь!»
Кірмашовыя святы пад назвай “Надышоў вясёлы час – завітаў кірмаш да нас” разам з дзецьмі ладзілі супрацоўнікі ДЦК “Расток” г. Маладзечна. Святы наведалі больш за 600 дзяцей.
Rating All.BY
Каталог TUT.BY