МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Маляваны роспіс мінулага

Створаныя на саматканым палатне, дошках ці куфрах, такія простыя і наіўныя, але вельмі адмысловыя рэчы – маляваныя дываны, шлюбныя скрыні ці невялічкія таблічкі для насення – павінны былі неяк аздобіць сялянскую хату, стаць своеасаблівай шыкоўнай завесай ад сціплага побыту. Нібы жадалі людзі схаваць за імі шэрыя сцены і манатонны рытм жыцця... Пазней прызнаныя “кічам”, яны паціху зніклі з драўляных сялянскіх пакояў недзе ў канцы мінулага стагоддзя, саступіўшы месца фабрычным “штампоўкам” – вуглаватым шафам і рэпрадукцыям знакамітых карцін. 

Але зараз мы разумеем, што той маляваны наіў, які прыйшоў у Беларусь у ХІХ стагоддзі і магутна расквітнеў у сярэдзіне дваццатага, з поспехам выканаў “суперзадачу” сваёй эпохі: такія рэчы сталі неад’емнай часткай беларускай культуры, стварылі яе непаўторны стыль і каларыт, а той, хто захаваў ці набывае іх, валодае сапраўдным скарбам. 

Каб не згубіць гэтую творчую частку малой радзімы і перадаць яе нашчадкам, аддзелам традыцыйнага мастацтва ДУ МАЦНТ на чале з Вольгай Хачковай  быў арганізаваны і праведзены майстар-клас для выкладчыкаў дзіцячых гурткоў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў культуры Мінскай вобласці. Удзельнікі майстар-класа спасцігалі навыкі роспісу па тканіне ў тэхніцы маляваных дываноў. Яны даволі простыя для пераймання і даюць прастору для творчасці.

Гістарычны і творчы экскурс у гэты амаль страчаны від рамяства правяла былы галоўны мастак канцэрна “Белхудожкерамика” Ніна Пачынава. Ніна Вячаславаўна расказала пра адметныя рысы гэтага віду народнай творчасці, яе выдатных майстроў і незвычайныя тэхнікі нанясення малюнкаў на прыкладзе огаўскага роспісу куфраў, давід-гарадоцкага роспісу рэкламных таблічак кветак і гародніны, якія былі папулярнымі ў 1970-х гадах, а таксама роспісу па шкле і маляваных дываноў.

Маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Цікавая калекцыя маляваных дываноў ёсць і на Міншчыне, у фондах Вілейскага краязнаўчага музея. Тут зберагаюць незвычайныя скарбы, створаныя на тканіне, шкле, кардоне і нават на цыраце. Большасць аўтараў пакуль невядомая, але некаторыя з маляваных дываноў – рукі Івана Лявонавіча Занковіча, мастака-самавучкі з вілейскай вёскі Любоўшы.

“Маляванкі” – увогуле цікавая з’ява. Яны нясуць у сабе шмат артэфактаў мінулага: арнаментальныя элементы традыцыйнай вышыўкі і роспісу захоўваюць народныя традыцыі і мроі і павінны падпарадкоўвацца строгай кампазіцыйнай пабудове. У асноўным гэта былі намаляваныя на чорным фоне раслінна-арнаментальныя, а пазней – сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі наіўна-рэалістычнага напрамку. Імёны аўтараў гэтых карцін зараз добра вядомы кожнаму культурнаму чалавеку, які цікавіцца беларускай спадчынай. Спадчына Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, Фёдара Сухавілы ўжо стала нацыянальным здабыткам.

Прыёмы і тэхніка, распрацаваныя імі, лёгка пераняць і прымяніць нават дзецям. Яны вельмі зразумелыя, а кветкі і расліны ўсім нам знаёмыя з дзяцінства. Няма вялікіх таямніц і ў палітры традыцыйных карцін. Іх аснова – колеры Беларусі – рамонка і васілька, неба і вады, аксамітнай нівы і квецені садоў.

Калі спасцігнуць прынцып іх будавання, зразумееш, які глыбінны сэнс закладзены ў маляваных дыванах, а таксама куфрах і нават упрыгожаных фарбаванымі карункамі хатах. У іх – гармонія чалавечых адносін, прага кахання і згоды, нараджэнне і росквіт, годная старасць, асвечаныя сонцам дні. Стваралі такія шэдэўры часцяком за сімвалічную плату – мех бульбы і духмяны каравай. Чым жа яшчэ маглі падзяліцца з мастаком незаможныя сяляне?

Ніна Пачынава паведаміла, што менавіта так шчыраваў і сам Язэп Драздовіч, заснавальнік беларускага маляванага жанру. Вядома і тое, што калісьці ён працаваў мастаком-афарміцелем у адным з польскіх тэатраў. Мабыць, таму яго дываны больш падобныя на сцэнічную завесу. Ад шэрасці і стомы.

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

Фота аўтара

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY