МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Культурнае супрацоўніцтва: віляйчане ў Літве

Па запрашэнні Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы дэлегацыя Вілейскага раёна наведала Літоўскую Рэспубліку.

Сёння за межамі Беларусі ў розных краінах пражывае шмат беларусаў, якія па розных прычынах не могуць вярнуцца на Радзіму. Жывучы на чужбіне, яны аб’ядноўваюцца ў грамадскія суполкі, разам беражліва захоўваюць гісторыка-культурныя і духоўныя традыцыі сваіх продкаў і заўсёды вельмі радуюцца кожнай магчымасці сустрэцца з землякамі.

У чарговы раз гісторыка-культурную, духоўную спадчыну Вілейшчыны ў суседняй краіне прадставіў народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» Цэнтра эстэтычнага выхавання ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна» разам з навуковым супрацоўнікам ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей» Вольгай Коласавай.

Падтрымка і папулярызацыя самабытнай беларускай культуры за мяжой, знаёмства з ёю беларускіх суполак і мясцовага насельніцтва – асноўная мэта шматлікіх мерапрыемстваў, падрыхтаваных Згуртаваннем беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы разам з Вілейскім раённым выканаўчым камітэтам. Паездка, графік якой быў вельмі насычаным, стала незабыўнай і хвалюючай для кожнага ўдзельніка дэлегацыі.

У Клайпедзе 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, які адзначаецца не толькі ў Беларусі, адбыўся мітынг-рэквіем. Ля мемарыяла на воінскіх могілках было шматлюдна: ветэраны, дзеці вайны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і дыпламатычных службаў Расіі, Беларусі і Літвы, моладзь – усе сабраліся, каб аддаць даніну памяці тым, хто мужна змагаўся з ворагам за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы… Тут пахаваны 685 воінаў, у тым ліку сем Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні горада ў студзені 1945 года.

Старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Клайпеда, старшыня беларускай суполкі «Крыніца» Мікалай Логвін, узгадваючы тыя страшныя падзеі, адзначыў: «Вельмі важна памятаць трагічную дату пачатку вайны. Менавіта ў гэты час на долю беларускага народа выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. Мужнасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці і мірнага насельніцтва (дзяцей і дарослых) назаўсёды застануцца ў памяці шматлікіх пакаленняў». Мікалай Логвін пажадаў усім прысутным, каб іх нашчадкі ніколі не зведалі жахаў вайны і беражліва захоўвалі гісторыю свайго краю.

Болем адгукалася ў душах песня «Чатыры сыны» ў выкананні ўдзельнікаў вакальнага гурта «Купалінка» беларускай суполкі «Крыніца» г. Клайпеды.

Ад імя Вілейскага раённага выканаўчага камітэта і ўсіх віляйчан шчыра вітала прысутных кіраўнік нашай дэлегацыі, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч: «Знаходзячыся на літоўскай зямлі, мы разам з вамі, шаноўныя ветэраны, дарагія сябры, адчуваем боль і смутак, што прынесла вайна ўсім народам. Гісторыя яднае нас, яе нельга забываць і перапісваць. І зараз тут, у Клайпедзе, і адначасова у розных куточках Беларусі, у тым ліку і на нашай любай Вілейшчыне, адзначаецца гэтая падзея Ушаноўваецца памяць аб тых мужных людзях, якія аддалі жыццё за нашу мірную будучыню. Мы жадаем вам, дарагія сябры, міра і любові, узаемаразумення, сяброўства і ўсяго самага добрага!».

Працягам шчырых вітанняў стала літаратурна-музычная кампазіцыя «Самы доўгі чэрвеньскі дзень» на словы Івана Лашуткі і Уладзіміра Цануніна. Пяшчотна і вельмі па-беларуску гучалі цымбалы Алены Кеўліч і гітара Уладзіміра Лапціка, краналі песні ў выкананні аўтараў Таццяны Захарыч і Уладзіміра Цануніна. Ніхто з прысутных не застаўся раўнадушным да пранікнёных тэкстаў і музыкі, якія знаходзілі водгук у сэрцах слухачоў і стваралі неверагодную хвалюючую атмасферу.

Шчыра дзякавалі віляйчанам нашы суайчыннікі і ветэраны, а таксама арганізатары мерапрыемства за памяць, любоў і павагу да Радзімы і беларускіх традыцый.

Хвіліна маўчання. Ускладанне кветак да помніка… Мы, людзі розных нацыянальнасцяў і краін, ідзём разам, каб пакланіцца памяці тых, хто ўжо іколі не вернецца дадому і не ўсміхнецца сваім родным… Перад унутраным позіркам кожнага кадр за кадрам пракручваецца гісторыя Радзімы і ўласнай сям’і… Дзень 22 чэрвеня…

Пасля мітынгу наведалі Пакрова-Мікольскую царкву г. Клайпеды, дзе пабылі на службе і сустрэліся з настаяцелем храма протаіерэем Рыгорам Негурцом. Ад імя віляйчан мы ўручылі яму духмяны старавіленскі хлеб, які з вялікай любоўю выпяклі майстры вілейскага хлебазавода.

На другі дзень нас сустракаў Шаўляй, чацвёрты па велічыні горад у паўночнай Літве. Ён славіцца сваёй багатай гісторыяй, архітэктурнымі помнікамі і шматлікімі музеямі. Тут знаходзіцца Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе настаяцелем служыць наш зямляк, ураджэнец г. Вілейкі протаіерэй Алег Штэльман, які не аднойчы наведваў родныя мясціны. Па яго ініцыятыве вось ўжо дзесяць гадоў запар у Шаўляі праходзіць фестываль «Да святится имя Твое» ў гонар Дня ўсіх святых.

Мы ад’язджалі з Літвы з самымі добрымі ўражаннямі і разуменнем вялікай значнасці той работы, якую сумесна праводзяць беларусы замежжа і віляйчане ў накірунку зберажэння і развіцця беларускай культуры за мяжой. На развітанне мы выказалі шчырыя словы падзякі за плённае супрацоўніцтва Згуртаванню беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, беларускім суполкам гарадоў Клайпеды і Шауляя і іх кіраўнікам Мікалаю Логвіну і Георгію Пракаповічу, саветніку па гуманітарных пытаннях Пасольства Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы Ірыне Зубко, прыхаджанам Пакрова-Мікольскай царквы г. Клайпеды і настаяцелю храма пратэіярэю Рыгору Негурцу, прыхажанам Царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла г. Шауляя і яе настаяцелю пратэіярэю Алегу Штэльману, а таксама ўсім арганізатарам мерапрыемстваў.

Праз некалькі дзён пасля наведвання вілейскай дэлегацыяй Літоўскай Рэспублікі старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Мікалай Логвін ажыццявіў зваротны візіт у Вілейку, дзе сустрэўся са старшыней Вілейскага райвыканкама Алегам Паўлавічам Бегунцом па пытаннях далейшага супрацоўніцтва.

Таццяна Захарыч,

кіраўнік Вілейскай дэлегацыі ў Літоўскай Рэспубліцы

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY