МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

“Капыльскія пацехі”, ці Дзе прапісалася “дрыжыкадаравальня”?

Скарыстацца гэтай незвычайна прыемнай і эксклюзіўнай паслугай, а таксама “пяткачосам” і “кіпцепадпарадкавальняй” можна толькі  ў Мінскай вобласці. Што ж гэта такое і дзе тая небывальшчына ўзнікла, зацікавіліся вы?

Такія забаўляльныя паслугі аказваюць толькі на абласным фестывалі “Капыльскія пацехі”  і тое, як кажуць беларусы, гады ў рады. А дакладней, раз у тры гады. А як жа шкада… Але ўжо і сам старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Ліневіч, у якога пачуццё гумару на вышэйшым узроўні, паабяцаў выправіць становішча і даць народу шанц часцей сустракацца, каб уволю нарагатацца.  

Фестываль, які нарадзіўся на Капыльшчыне, спачатку меў статус раённага і праводзіўся раз у тры гады. Але дзякуючы яго вялізнаму творчаму запалу, гаючаму і яднаючаму светлыя душы гумару, хутка вырас да маштабу абласнога. Гэты стаў шостым. Зараз арганізатары – прадстаўнікі Капыльскага райвыканкама пры падтрымцы Мінаблвыканкама - паставілі сабе новыя задачы: ці запрашаць больш удзельнікаў, ці часцей праводзіць гэта свята, бо яно ўжо стала сапраўдным брэндам раёна. Шчыра кажуцы, каб падняць жыццёвы тонус беларусаў, дозу гумару трэба павышаць!

Праграма была вельмі насычанай, таму журы, у склад якога ўваходзілі прызнаныя дзеячы культуры, выпала цяжкая доля: не сканаць ад рогату. Але спачатку і капылянам, і гасцям трэба было прайсці праз спецыяльную мытню пад назвай “Адкуль іх столькі прынесла?!”, каб трапіць у лесапаркавую зону горада. Менавіта туды з цэнтральнай плошчы дальнавідна перанеслі вясёлы фэст, каб нішто не перашкаджала на ўсю сілу пасмяяцца і больш жартачак набрацца. І не памыліліся арганізатары. Тут павольна размясціліся ўсе тэматычныя падворкі, майстры і ўдзельнікі. Нават нечы сапраўдны конь прыпаркаваны паваляўся і паржаў. Ну, не выдумляю, так і было!

Лейтматывам фестывалю была думка аб тым, што народны гумар – дар Божы, і ён ніколі не трапіць у крызіс. Аб’яднаныя агульнай тэмай “За здаровы лад жыцця” нашы ўдзельнікі не раз даказвалі, што “добра падвешаны язык заўсёды свярбіць” і так сыпалі жартаўлівымі знаходкамі, што ў глядзельнай зале часцяком здараліся выбухі. Канешне, смеху. 

От, народны гумар! Адзін яго “перл” так прычапіўся да мяне, што я, аматар року, і праз некалькі дзён спявала шансон, які паставіў на “ратацыю” у маёй галаве спявак Міхаіл Плуг (народны жартоўны гурт “Дубінскія фанабэры” Дубінскога СДК Валожынскага раёна, кіраўнік Валерый Мазура). Яго хіт “Валожынскі вакзал, выхад спераду” так уразіў! Я ж была на тым вакзале, хоць у самой Дубіне і не гасцявала … І ўсё адразу зразумела: нездарма мясцовыя фанабэры апынуліся ў спісе лідараў.

Высокі рэйтынг быў і у саміх капылян – народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі” Капыльскага РЦК (кіраўнік Любоў Галубовіч), які перамог у намінацыі “Жартоўныя гурты”, а званне лепшых культарганізатараў атрымалі Святлана Шчукіна і Наталля Новік (Руднянскі клуб-бібліятэка). Чытальніца-капылянка Вольга Ліс, як аўтар гумарэсак, заняла другое месца.

Але ж лепшым чытальнікам журы (старшыня – пісьменнік Уладзімір Ліпскі) аднадушна прызнала Дзмітрыя Краскоўскага з Івянца Валожынскага раёна. Першае месца сярод гульнёвых тэатраў перахапіў лагойскі народны маладзёжны тэатр гульні “Балаган”. Першымі ў намінацыі “майстар-гумарыст” сталі Вольга Емельянчык і Наталля Леўшына, майстры Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці (дырэктар Наталля Богуш).

І канешне, ярка і годна правялі вясёлы фэст вядучыя, Валя і Стас, якія і ў звычайным жыцці не ўяўляюць сябе без зажыгальнага гумару.

Фестываль “Капыльскія пацехі” прайшоў на высокім арганізацыйным і выканаўчым узроўні. Кожны ўдзельнік ярка выступаў у сваёй намінацыі, адпаведна, і ўзнагароды атрымалі ўсе, нават гаспадары тэматычных падворкаў. Яны кемліва падыйшлі да афармлення сваіх куткоў, весела запрашалі гасцей завітаць у імправізаваную хатку, і людзі іх не абміналі.

Уразілі выступленнем госці з Калінкавічаў, артысты народнага тэатра народнага гумару “Вясёлыя аўцюкоўцы” Калінкавіцкага РЦК Гомельскай вобласці. Жывыя носьбіты нематэрыяльнага брэнду праявілі сябе як знаходлівыя жартаўнікі. Яны паказалі высакакласны народны, нават жыццёвы, гумар, а галоўная гераіня, бабуля-доўгажыхарка, якая ніяк сабе мужа не знойдзе (ролю выконвае Марына Зубок), нікога не пакінула абыякавым да сябе. І у выніку жартаўлівы падарунак фестывалю – малады барашак паехаў на Гомельшчыну. Артысты радасна прымалі жывы прыз і хутка вырашылі, што з яго і пачнецца новы аўцюкоўскі барані род пароды “Фестывальная”.

Цяжка пералічыць усё, што тут яшчэ было: 

конкурсная выстаўка-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці з Капыльскага, Клецкага і Стаўбцоўскага раёнаў  “Рамесніцкі кірмаш – Вясёлы! Наш!”

“Усміхніцеся з намі” – конкурсная выстаўка майстроў-гумарыстаў з Валожынскага, Нясвіжскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў

“Жыць ды маладзець” – салон прыгажосці, гумарыстычны “салярый”, касметычная латэрэя

“Экзотыка-шоп” – усходні шацёр экзатычных забаў, садова-агароднінная латэрэя “уДача”

Фотазона “Рагатуха”і іншыя забавы і конкурсы. 

 

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

            (На здымках - фота аўтара)

     Больш здымкаў - у ФОТАГАЛЕРЭІ►

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY