МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Год вясельнай абраднасці на Міншчыне

З мэтай адраджэння і папулярызацыі ўнікальных мясцовых вясельных традыцый Міншчыны клубнымі ўстановамі вобласці аддзелам традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці 2019 год абвешчаны «Годам вясельнай абраднасці». З гэтай нагоды асаблівая ўвага надаецца традыцыйнаму вяселлю і звязаным з ім фальклорнымі і рамесніцкімі традыцыямі.

На працягу стагоддзяў нашы продкі верылі, што абавязковае выкананне абрадавых дзеянняў можа забяспечыць спакойнае і паўнавартаснае існаванне, прыцягнуць матэрыяльны дабрабыт, поспех, дапамагчы наладзіць асабістае шчасце і нават прадоўжыць зямны век.

Асобнае месца ў абрадавай спадчыне беларусаў займаюць вясельныя традыцыі.

Вяселле – гэта пераломны перыяд у жыцці кожнага чалавека, яго пераход у іншы сацыяльны статус. Дзяўчына з нявіннага цнатлівага дзіцяці ператвараецца ў дарослую кабету, якую чакае пераезд у іншую хату (амаль што ў іншы сусвет са сваімі законамі і парадкамі), да чужых бацькоў і расстанне з роднымі, сваякамі і блізкімі сябрамі. Там, у новым жыцці, ужо не будзе ранейшай бестурботнасці і свабоды – толькі шматлікія абавязкі і цяжкая фізічная праца. Менавіта гэты сумны, ценевы бок замужжа і ўвасабляецца ў абавязковых для традыцыйнага беларускага вяселля абрадах галашэння. Дзяўчына аплаквае страчанае і рыхтуецца да пераходу ў нязвыклы асяродак. І цікава, і страшна нявесце, яна не ведае, як да яе паставіцца свякроўка, ці будзе любіць нарачоны (мы павінны памятаць, што ў большасці выпадкаў лёс маладых дзяўчат і хлопцаў вырашаўся не самастойна, а іх бацькамі на аснове ацэнкі матэрыяльнай забяспечанасці патэнцыяльных кандыдатаў на шлюб).

Гэтая ацэнка пачыналася з самых ранніх крокаў перадвясельнага перыяду – сватання і аглядаў. У розных частках Мінскай вобласці такія абрады праходізілі з пэўнымі нязначнымі адрозненнямі. У больш распаўсюджаных выпадках сватацца да нявесты разам з хлопцам адпраўляліся родныя і хросныя бацькі і жанаты брат (напрыклад, як у в. Каменка Вілейскага раёна) ці сват са сваёй жонкай (з ліку добрых сяброў, але чужых людзей, в. Зароўе, Крупскі раён), хросны або родны бацька і старэйшы жанаты брат або родны дзядзька (в. Пласток, Любанскі раён).

Калі ж у аглядах не было неабходнасці, удалае сватаўство адразу магло перарасці ў заручыны ці запоіны. У некаторых мясцінах гэтую частку вяселля называлі «ўгаворы» (в. Мазалі Маладзечанскага райна) ці «лады» (в. Пласток Любанскага раёна). Падчас заручын вырашалася пытанне аб падарунках з боку дзяўчыны для радні маладога (дарэчы, вельмі значны момант, бо важна было нікога не забыць і тым самым міжволі не пакрыўдзіць). Важнасць заручын вызначалася яшчэ і тым, што тут упершыню пачыналі гучаць спецыяльныя вясельныя песні.

Нельга не ўспомніць яшчэ адну адметную асаблівасць традыцыйнага вяселля Цэнтральнай Беларусі – правядзенне сціплай вечарыны напярэдадні святкавання. Падчас такіх вячорак ствараўся шлюбны вянок, які меў неаспрэчнае сакральнае значэнне як для маладой, так і для ўсіх прысутных незамужніх дзяўчат. Аднак, выраб такога вянка не ўсюды давяралася сяброўкам нявесты. Гэтым маглі займацца і спецыяльныя «ўмелыя людзі» (в. Зароўе Крупскага раёна), ці ўвогуле вянок, як і «вэлян» (фату), маглі проста купіць (в. Ванелевічы Капыльскага раёна). Дарэчы, у абраднасці дзявочніка вельмі шмат лакальных асаблівасцей (час правядзення, колькасць і склад удзельнікаў, спосаб вырабу і інш.) у залежнасці ад традыцый канкрэтнай вёскі.

Асобная роля ў перадвясельны і ўласна вясельны перыяды на Беларусі адводзілася караваю. Яго стварэнне – гэта сапраўдная таемнасць для ўсіх удзельнікаў. У залежнасці ад таго, у які дзень тыдня ў пэўнай мясцовасці было прынята пачынаць вяселле, караваі пяклі або ў чацвер, або ў пятніцу ці суботу. Аднак жа, трэба адзначыць, што ў Цэнтральным рэгіёне выпяканне каравая не разгортвалася ў падзею такога размаху, як на тым жа Палессі. Толькі ў паўднёвых рэгіёнах Міншчыны характар каравайнай цырымоніі набліжаўся да палескай традыцыі, што выяўляецца ў большай колькасці каравайных песень.

Пасля шматлікіх прыгатаванняў пачыналася самае цікавае: само вяселле. Ладзіліся ж вяселлі ў любую пару года за выключэннем перыяду пастоў.    

Вяселле магло доўжыцца ад двух да чатырох дзён у залежнасці ад заможнасці тых, хто яго спраўляў. У той частцы Міншчыны, дзе пераважала назва «вяселле», маладых людзей, што бралі шлюб, як правіла, называлі «малады» і «маладая», у другой частцы – «жаніх» і «нявеста». А вось у в. Ямінск Любанскага раёна захавалася такая цікавая старажытная назва маладой, як «княгіня».

Напрыканцы вяселля ў многіх мясцінах на Міншчыне адбываўся абрад змены галаўнога ўбору маладой, які сімвалізаваў пераход у іншы статус: здымалі вясельны вянок і павязвалі на галаву жаночую хустку.

Потым вяселле працягвалася, а сімвалам яго заканчэння з’яўлялася падача на стол апошняй стравы – капусты. Але ў большасці выпадкаў паказчыкам заканчэння вяселля выступалі спецыяльныя песні (жартоўныя або з выказваннем падзякі гаспадарам).

У рамках абласных мерапрыемстваў «Года вясельнай абраднасці» ўстановы культуры Мінскай вобласці праводзяць экспедыцыйныя даследаванні па ўзнаўленні вясельных касцюмаў, вядзецца збор фотаздымкаў, запіс абрадаў.  Па выніках праведзенай работы плануецца правядзенне дэфіле ў традыцыйных вясельных строях раёнаў Міншчыны на галоўнай пляцоўцы абласнога свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы», дзе кожны раён прадставіць маладую пару ў вясельным этнаграфічным ці рэканструяваным строі да 1960 года ХХ стагоддзя. На абласным фестывалі фальклорнага мастацтва «Фальклорная талака» і на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2019» (г. Барысаў) плануецца правядзенне выстаў народных вясельных строяў. Акрамя таго, у праграму выступленняў фальклорных калектываў будуць уключаны песні пра каханне і песні вясельных абрадаў з рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Аддзел традыцыйнага мастацтва ДУ МАЦНТ

 

 

в. Старыя Габы, Мядзельскі раён Мінская вобласць,1959
Другие новости

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

Rating All.BY
Каталог TUT.BY