МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Гармонія і повязь выцінанкі

 Для стварэння выцінанкі не спатрэбіцца шмат сродкаў. Некалькі аркушаў паперы, белай і каляровай, нажніцы ці разак і добры настрой. Больш сталыя майстры маюць свае няхітрыя прылады: алоўкі або фарбы, цыркуль, лінейкі, транспарціры – у залежнасці ад таго, якія геаметрычныя ўзоры лягуць на папяровае палатно мастака ці які сюжэт прымроіцца. Так было і пры правядзенні V Рэгіянальнага свята-конкурсу выцінанкі “Папяровыя карункі”, які праходзіў у Маладзечне.

Гасцінна віталі майстроў, што ствараюць адмысловыя ажурныя ўзоры, а таксама іх вучняў у ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна” арганізатары свята-конкурсу, галоўным з якіх традыцыйна з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама. А добры настрой падарылі артысты народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Крынічанька” Раеўшчынскага СДК.

У фае палаца разгарнулася выстава хатніх твораў аматараў выцінанкі, створаных у розных тэхніках, колерах і напрамках, што па сутнасці стала першай часткай свята-конкурсу. Гледачы надоўга затрымліваліся каля карцін, разглядаючы хітраспляценні сюжэтаў, каляровыя пераходы адцення ў адценне, наватарскія знаходкі выцінаншчыкаў. Наўскідку цяжка было сказаць, хто вопытны майстар, а хто толькі ўзяўся за нажнічкі… Аўтарскія карціны, апранутыя ў рамы, акрэсліваючыя ці пашыраючыя творчыя задумкі, стварылі святочную атмасферу і надалі яшчэ большую каштоўнасць папяровым карункам.

Але ці можна абмежаваць творчасць якімі-небудзь рамкамі? Пачынаючаму майстру Арцёму Ляху, напрыклад, было восем гадоў. Гэта свята-конкурс – першае творчае выпрабаванне для хлопчыка, але ён упэўнена праяўляў свае здольнасці нараўне з настаўнікамі, сярод якіх былі вучні легендарнай стваральніцы маладзечанскай школы выцінанкі Вікторыі Мікітаўны Чарвонцавай.

У склад журы, якое ўзначальвала дырэктар ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Раіса Вяйцяхоўская, уваходзілі вучаніцы Вікторыі Чарвонцавай – Наталля Сухая і Лізавета Чарвонцава. Абедзве – народныя майстры па выцінанцы, маюць сваіх вучняў. Лізавета Львоўна і яе сястра Наталля зараз з’яўляюцца выдатнымі прадаўжальнікамі справы маці, Вікторыі Мікітаўны Чарвонцавай. Гэты незвычайна апантаны чалавек жыў выцінанкай, усю душу аддаваў сваім шматлікім вучням і стаяў ля вытокаў заснавання рэгіянальнага свята-конкурсу “Папяровыя карункі”. Вікторыя Мікітаўна некалькі гадоў таму пайшла з жыцця, але яе справа жыве і ўвасабляецца ў адметных непаўторнасцю палотнах вучняў і паслядоўнікаў. Мне здаецца, што рэгіянальнае свята-конкурс магло б у будучым з гонарам насіць імя яго духоўнай натхняльніцы, бо колькасць майстроў выцінанкі расце, і ў “папяровую справу”  нават ўліваецца ўсё больш хлапчукоў!

У другой частцы свята-конкурсу патрабавалася выканаць загадзя вызначаныя і абдуманыя творы. Выцінанкі-сурвэткі, фіранкі, віншавальныя паштоўкі і нават складаныя кампазіцыі арнаментальна-дэкаратыўнага ці сюжэтнага характару паступова выяўляліся пад рукамі майстроў.

   

У высокапрафесійнага журы была вельмі складаная задача. Вызначыць лепшых, незалежна ад асабістага густу і прыхільніцтва цяжка. І патрабаванні ставяцца даволі жорсткія, але ж і нашы творцы – сапраўдныя індывідыумы. Ацэнка тэхналагічнага і мастацкага майстэрства кожнага ўдзельніка, а таксама яго адносін да традыцый, тактоўная інтэрпрэтацыя выраба ў адпаведнасці з сучаснасцю, творчая самастойнасць і індывідуальнасць почырку майстроў і іх вучняў – справа адказная.

 

Як растлумачыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Соф’я Філістовіч, каб ўзнагародзіць усіх і павялічыць колькасць ўдзельнікаў свята-конкурсу у будучым, арганізатары вылучылі вялікую колькасць намінацый. У кожнай вызначаліся дыпламанты і лаўрэат.

Чым жа адрозніваецца гэты конкурс ад папярэдніх, пытаюся ў члена журы, народнага майстра па выцінанцы, вядучага метадыста ДУ МАЦНТ Наталлі Сухой.  І яна паясняе, што ўсяго на V рэгіянальнае свята-конкурс выцінанкі “Папяровыя карункі” прыехала 44 майстра розных узростаў. Сярод іх работ, якія адрозніваюцца разнастайным поглядам, сустракаюцца паўторы некаторых матываў, але яны адзінкавыя, што вельмі паказальна. Аўтары ў большасці маюць свой стыль і почырк, развіваюцца і выпрацоўваюць новыя напрамкі. Калі раней праглядаліся матывы твораў такіх знакамітых выцінаншчыкаў, як  Вячаслаў Дубінка ці Ніна Сакалова-Кубай і іншых, то зараз аўтарства выходзіць на першы план. 

Наталля Аляксандраўна дадае, што журы падабаліся творы выхаванцаў Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў. Яны эмацыйныя, наватарскія, цэльныя. У іх смела выкарыстоўваюцца шрыфты, народны гумар, ёсць абавязковая сіметрыя і смелы погляд. Зацікавілі прызнаных майстроў выцінанкі і каляровыя палотны маладых наватараў з Вілейшчыны. Развіваецца такі від традыцыйнага мастацтва дзякуючы кіраўніку гуртка Максіму Мандрыку. Малады настаўнік і сам шмат працуе ў гэтым напрамку, і сваіх вучняў уводзіць у чароўныя пераходы святла і ценяў. Папулярныя асобы, пейзажы і народныя матывы прагледжваюцца ў іх.

 

Калісьці ў выцінанкі была свая, даволі вузкая сфера прымянення. Папяровымі карункамі ўпрыгожвалі сцены, бэлькі, паліцы для абразоў і хатніх рэчаў. Зараз папяровыя каралі перайшлі ў іншы разрад – мастацкі. Сучасныя майстры выцінанкі беражліва захоўваюць народныя традыцыі і перадаюць іх новым пакаленням апантаных творцаў. Дзякуючы такім нераўнадушным асобам, як Вікторыя Мікітаўна Чарвонцава і яе паслядоўнікі, якія аб’ядналі вакол сябе дзяцей і перадалі свае навыкі, а таксама дырэктар ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна” Ганна Іванаўна Владыка, стварылася, жыве і квітнее рэгіянальнае свята-конкурс “Папяровыя карункі”.

 

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

Фота аўтара

  

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY