МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Феерый майстра, дзеі творца…

Дырыжор кіруе аркестрам, супрацоўнік дарожна-паставой службы – рухам на транспартных артэрыях, завуч – навучальным працэсам. А яна – сцэнай, дзеямі, якія на канцэртных падмостках адбываюцца, а яшчэ тымі артыстамі і калектывамі, што ствараюць свята. Яна – даволі малады майстра феерый, але адметны творца добрага настрою і пазітыўных эмоцый, які мае аўтарскі почырк і стыль. Знаёмцеся, гэта – Вераніка Жыгалко галоўны рэжысёр аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці  ДУ МАЦНТ, лаўрэат прэміі Мінскага абласнога конкурсу “Творчы алімп Міншчыны”.

На пытанне, адкуль у яе такі шматбаковы талент і “трохмернае адчуванне сцэны”, наш спецыяліст па арганізацыі і правядзенні святаў сазнаецца, што наўрад ці зараз знойдзе на яго просты адказ… За такім адчуваннем – гады вучобы, праца з цікавымі асабамі, пошук лепшых рашэнняў метадам спроб і памылак, а потым – вобразныя і яркія творчыя знаходкі.

Яшчэ дзяўчынкай, няўрымслівай гарэзай спрабавала найбольш поўна рэалізаваць усе свае прыродныя дадзеныя і накіраваць у патрэбны напрамак фантан энэргіі, які заўсёды так і біў з яе. У якія толькі гурткі і секцыі не хадзіла Веранічка! Танцавальныя і вакальныя, мастацкія і спартыўныя… Прыдумалі б у той час які іншапланетны, і туды б запісалася!

Усё гэта не змарнела, а спатрэбілася, калі Вераніка пачала рабіць першыя крокі ў рэжысуры пасля сканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Па размеркаванні прыйшла на працу ў Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці. Важную ролю ў яе прафесіі адыгралі падрыхтоўка і правядзенне святочнага канцэрта, прысвечанага 80-годдзю з дня заснавання Мінскай вобласці, які праходзіў у пачатку 2018 года і атрымаў высокую адзнаку гледачоў.

Не кожны ўяўляе сабе, як напружана працуе рэжысёр, якія задачы выконвае, якую нясе адказнасць за тое, што ўвогуле атрымліваецца ў яго “каманды”, і з якім настроем гледачы пакідаюць канцэртную залу. У фільмах склаўся такі вобраз рэжысёра: гэта звычайна мужчына ва ўзросце, які сядзіць ці бегае з мікрафонам і шчыра “строіць” тых, хто працуе на сцэне ці каля яе.

Вераніка Жыгалко сцвярджае, што час цыфравых тэхналогій зламіў такі звыклы стэрэатып. На рэжысёрскую авансцэну сталі больш смела выходзіць жанчыны. Шмат чаму ёй давялося навучыцца ў легендарнай пастаноўшчыцы, галоўнага рэжысёра Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ніны Віктараўны Осіпавай, якая і стала “хроснай маці”  ў гэтай адказнай і пачэснай справе для маладога рэжысёра. А як жа спачатку было складана ўсё самастойна падрыхтаваць і аб’яднаць у цікавы гледачу цэласны творчы прадукт!

Але зараз няпростая рэжысёрска-пастановачная работа шматлікіх мерапрыемстваў, канцэртных нумароў і праграм для Веранікі – своеасаблівы допінг і тое паветра, без якога нельга цікава жыць і дыхаць на поўныя грудзі. Хаця, сазнаецца дзяўчына, пасля вялікіх канцэртаў, як кажуць, ног не адчуваеш, а сілы хутка пакідаюць.

Зараз на яе дзявочых плячах ляжыць не адно толькі кіраўніцтва зладжанай дзейнасцю рэжысёрска-пастановачной групы. Яна вылучае і запрашае да ўдзелу ў мерапрыемствах творчыя калектывы і харызматычных выканаўцаў, грамадскія арганізацыі, дырыжораў і хармайстраў, харэографаў і буйных дзеячаў культуры.

Вераніка Алегаўна за кароткі тэрмін правяла значную работу па вывучэнні аматарскай творчасці Міншчыны, узроўня канцэртных праграм і выканальніцкага майстэрства калектываў розных жанраў і напрамкаў. На жаль, не ўсё ў гэтым напрамку задаволіла, таму пачалася распрацоўка прынцыпова новых падыходаў да правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў абласнога і рэспубліканскага маштабаў.

Шмат каму запомніўся Афіцэрскі баль, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле”, абласное свята народных мастацкіх ремёстваў “Слуцкія паясы”, абласныя фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”, фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”, ваенна-гістарычнае свята-рэканструкцыя “Березина-2017” і іншыя, падрыхтаваныя дзяўчынай-рэжысёрам з чароўным імем Вераніка.

Вераніка Жыгалко актыўна супрацоўнічае з вядучымі рэжысёрамі краіны ў складзе рэжысёрска-пастановачнай групы заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ніны Осіпавай. Сярод рэспубліканскіх святаў, у падрыхтоўцы якіх яна прымала ўдзел – мітынг-рэквіем “Врата памяти”, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”, канцерт да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Палацы Рэспублікі, цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, Дзень беларускага пісьменства, Рэспубліканская акцыя “Хоровое Вече” і шмат іншых.

Вераніка Алегаўна вучыцца рабіць відэаролікі для канцэртных нумароў, спрабуе сябе як мастак-афарміцель сцэнічных пляцовак. Яе мерапрыемствы адметныя, напоўненыя тонкай эстэтыкай, наватарскім поглядам на рэжысуру. Таму і  набываюць новы каларыт і застаюцца на стужцы памяці.

Работнікі культуры Мінскай вобласці ведаюць і паважаюць Вераніку Жыгалко, прыслухоўваюцца да яе меркаванняў, станоўчых  парад. Высока ацаніла маладога спецыяліста і кіраўніцтва цэнтральнага рэгіёна. У мінулым годзе за добрасумленную працу яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама.

Зусім нядаўна дзяўчына толькі шукала свой шлях. Куды пайсці? З такім пытаннем вагалася амаль да сканчэння школы. На канчатковы выбар паўплываў Валерый Пятровіч Мароз, рэжысёр Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры. Ён першым разгледзеў творчы патэнцыял артысткі, якая шчыра імкнулася ўнесці навіну ў знаёмыя мізансцэны, нечым яшчэ зачапіць сэрца гледача. А вось Аляксандр Геогріевіч Фядотаў, мастацкі кіраўнік курса БДУКіМ, дзе вучылася Вераніка Жыгалко, як неардынарны выкладчык рэжысуры, дапамог спасцігнуць усе вядомыя сакрэты адточанага майстэрства сцэнічнай пастаноўкі.

А што наперадзе? Пошук і знаходкі, задумкі і іх ажыццяўленне, яркае, кранаючае, сваё. Таму яна працягвае вучыцца. Спадзяемся, што неўзабаве імя таленавітай зямлячкі, якая нарадзілася на Нясвіжчыне, будуць ведаць далёка за межамі нашай багатай на таленты краіны!

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY