МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

“Фальклорная талака – 2017”

21 мая 2017 года ў горадзе Барысаве прайшоў абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Фальклорная талака”. Арганізатарамі мерапрыемства сталі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, дзяржаўная ўстанова “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” і Барысаўскі райвыканкам.

           У гэтым годзе тэму фестывалю задалі вясновыя святы і абрады народнага календара. 28 калектываў (а гэта каля 400 удзельнікаў!) з розных куточкаў нашай любай Міншчыны прыехалі на свята. Яны прывезлі з сабою добры настрой і цудоўныя песні. Вясновыя загукальныя, юр’еўскія, вялікодныя, траецкія напевы гучалі са сцэнічных пляцовак фестывалю. 

Галоўная сцэна размясцілася на плошчы 900-годдзя горада Барысава ля прыгожага храма – Свята-Васкрасенскага кафедральнага сабора. Каля будынка былога кінатэатра (цяпер “Раённы цэнтр народнай творчасці”) працавала малая пляцоўка, дзе калектывы-удзельнікі фестывалю давалі майстар-класы жадаючым навучыцца танцаваць народныя бытавыя танцы.  

Разынкай сёлетняга фестывалю стала ІІІ абласное свята-конкурс бытавога танца “Мінская кадрыля”, якое прайшло у рамках абласнога  фестывалю фальклорнага мастацтва “Фальклорная талака” ў памяшканні Дзяржаўнай установы культуры “Раённы цэнтр народнай творчасці”. Каля 60 танцавальных пар ва ўзросце ад 8 да 80 гадоў змагаліся за права называцца лепшымі танцорамі вобласці. Пары змагаліся ў шасці ўзроставых групах і прадставілі 13 традыцыйных танцаў: “Кракавяк”, “Войра”, “Мікіта”, “Падыспан” і іншыя.    

 

 

 

 

 

 

 

 

У самай малодшай узроставай групе ад 8 да 10 гадоў перамаглі Кацярына Раджабава і Аляксей Кавальчук з Барысаўскага раёна, ІІ месца занялі Ганна Ашуйка і Мікіта Севасцьяновіч з Любані, а ІІІ месца дасталася пары Вікторыя Касцюкевіч-Мікіта Касцюковіч з Барысаўскага раёна. 

У групе 11–12 гадоў месцы размеркаваліся наступным чынам:

І месца – Арына Выскварка і Багдан Ліневіч (Любанскі раён),

ІІ месца – Вікторыя Богдан і Андрэй Шкурскі (Слуцкі раён),

ІІІ месца – Яніна Клімовіч і Дзяніс Галубец (Бярэзінскі раён).

Сярод падлеткаў ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў усе месцы “захапілі” ўдзельнікі з Барысаўскага раёна. Так, І месца заняла пара Таццяна Абрамовіч – Сяргей Мацюшонак, ІІ месца – Анастасія Грамыка і Павел Літвін, ІІІ-е – Аляксандра Гірына і Аляксей Патапаў.

Сярод моладзі 17–25 гадоў І месца выпала гасцям з Дзяржынскага раёна Анастасіі Драчынскай і Станіславу Барадзею, ІІ-е – барысаўчанам Марыі Коскінай і Яўгену Шчэрба, ІІІ-е – танцорам з Бярэзінскага раёна Анастасіі Богач і Юрыю Бяляеву.  

Сярод дарослых ад 26 да 40 гадоў лепшымі прызнана пара з г.Маладзечна Вольга Трубач і Дзяніс Краўчонак, ІІ месца заняла пара барысаўчан Алена Касцюкевіч – Андрэй Шышко, ІІІ-е – бярэзінцы Святлана Клімовіч і Сяргей Кісялёў. 

У старэйшай групе сапраўдныя носьбіты танцавальных традыцый дэманстравалі вышэйшае майстэрства, перанятае ад продкаў. Складана было журы вызначыць пераможцаў сярод майстроў. І месца заняла пара з Дзяржынскага раёна Тамара Сакалоўская – Валерый Кулікоўскі. ІІ месца – пара з Любанскага раёна Марына Пархімовіч – Сяргей Выскварка, а ІІІ-е –Раіса Анікеева і Соф’я Жук з Барысаўскага раёна.

Гран-пры конкурсу бытавога танца “Мінская кадрыль” атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Берагіня” ДУА “Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Барысаўскага раёна”. Яго кіраўнік Мікола Аляксеевіч Козенка – даўні аматар і ініцыятар фальклорнага танцавальнага руху на Беларусі. І зараз яго ўклад у арганізацыю свята-конкурсу быў адзначаны Граматай з падзякай Дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”.

Першае месца сярод калектываў у намінацыі “за мастацтва вядзення карагоду” атрымалі таксама прадстаўнікі Барысаўскага раёна – узорны фальклорны гурт “Весялінка” і фальклорны гурт “Мядоцкая талака” Мётчынскага СДК (кіраўнік – Людміла Кажэўка). Другое месца “накарагодзіў” сабе гурток танцаў народаў свету Путчынскага цэнтра культуры і вольнага часу з Дзяржынскага раёна (кіраўнік – Лідзія Бохан), а трэцяе – фальклорны ансамбль “Вясейка” ДУ “Вясейская дзіцячая школа мастацтваў” Слуцкага раёна (кіраўнік – Ніна Макоўская). 

Асобная намінацыя прысвячалася традыцыйным рэгіянальным танцам як унікальным маркерам мясцовай адметнасці. Першае месца тут атрымаў фальклорны гурт бытавога танца “Суботка” з Лагойскага раёна (кіраўнік – Наталля Крына), другое – дэбютант фестывалю фальклорны калектыў “Крыніца” Вялічкавіцкага СДК Салігорскага раёна (кіраўнік – Лідзія Ермаковіч), трэцяе – фальклорны гурт “Суседкі” з Барысаўскага раёна (кіраўнік – Раіса Анікеева). 

Вялікае майстэрства гурта – зладзіць шматкаленны танец. Тут важным з’яўляецца не толькі асабісты талент кожнага ўдзельніка паасобку, але і ўменне каардынаваць свае дзеянні з іншымі танцорамі, весці танцавальную “размову” для зладжанага выніку. У намінацыі “за высокі ўзровень выканання рэгіянальнага шматкаленнага танца” першае месца атрымаў узорны фальклорны гурт “Верабейкі” з Любані (кіраўнік – Сяргей Выскварка), другое месца – ўзорны фальклорны гурт “Валошкі” з Бярэзінскага раёна (кіраўнік – Святлана Клімовіч), а трэцяе – народны ансамбль народнай песні “Весялуха” Дзяржынскага раёна (кіраўнік – Наталля Рэдзько).   

Сапраўдыным упрыгожаннем фестывалю сталі майстры народнай творчасці са сваімі цудоўнымі вырабамі. Гледачы пабачылі і вышыўку, і ткацтва, і разьбяныя вырабы, і роспіс, і пляценне з прыродных матэрыялаў і шмат іншага.

Сёлетні фестываль “Фальклорная талака” прадэманстраваў вялікі творчы патэнцыял фальклору, асабліва танцавальнага жанру, у справе захавання і падтрымкі нацыянальнай культурнай спадчыны.

 

Наталля Сухая,

вядучы метадыст па этнаграфіі

ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”

 

 

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY