МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Эстафета культуры

Пад дэвізам «Краіна мая, радасць мая, песня мая маладая!» ва Уздзенскім раёне прайшла творчая эстафета культуры (чарговы сумесны праект культурна-дасугавага і метадычнага аддзелаў ДУК «Уздзенскі раённы дом культуры»), прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Традыцыйныя агляды мастацкай самадзейнасці сярод клубных устаноў раёна засталіся ў мінулым стагодзі, але ад гэтага не змянілася сутнасць вынікаў работы творчых аматарскіх аб’яднанняў, якія сёння існуюць пры кожнай установе культуры. Артысты-аматары кажуць, што сцэна для их – сапраўдны адпачынак, зноў і працягваючы бавіць вольны час на рэпетыцыях, канцэртах і творчых сустрэчах. Узнагародай за такую адданасць абранай справе з’яўляюцца шчырая падзяка ў вачах гледачоў і апладысменты.

Кожная клубная ўстанова ў рамках эстафеты арганізавала і правяла мерапрыемства з удзелам усіх сваіх клубных фарміраванняў. Кіраўнік народнага клуба майстроў «Сузор’е» Уздзенскага РДК Лілія Шымановіч з гэтай нагоды вышыла пераходны вымпел, які кіраўнікі сельскіх дамоў культуры перадавалі адзін аднаму.

На працягу эстафеты клубныя работнікі правялі 12 мерапрыемстваў розных форм клубнай работы, выяўляючы пры гэтым творчыя здольнасці малых і дарослых удзельнікаў аматарскай мастацкай творчасці, бавячы вольны час жыхароў аграгарадкоў і навакольных вёсак.

Тэатралізаваныя прадстаўленні, тэматычныя канцэрты, гульнёвыя і спартыўныя праграмы, народныя святы, вечары-ўспаміны, творчыя выставы і прэзентацыі прысутнічалі ў скарбонцы эстафеты. Мерапрыемства было шчодра аздоблена яркімі станоўчымі эмоцыямі, добрым настроем, сустрэчамі з цікавымі людзмі і ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікамі мясцовай ўлады і паважанымі землякамі.

Распачалі эстафету работнікі Цепленскага СДК мерапрыемствам «Мір вакол нас». Мір, лад і гармонія з прыродай і наваколлем у душах і сэрцах кожнага ў Год малой радзімы» – тэма ўсіх творчых выступленняў маленькіх і дарослых артыстаў Цепленскага СДК. Дырэктар установы Алена Сямёнава і мастацкі кіраўнік Юліана Салманзадэ выступалі ў ролі вядучых, салістаў, а таксама кіраўнікоў дзіцячых гурткоў «Вясёлая карусель» і «Радуга». Мясцовыя дзеткі не толькі спявалі і танцавалі на сцэне, але і прадэманстравалі сваю любоў да малой радзімы ў малюнках мастацкай выставы «Свет вачыма дзяцей».

Моцным фінальным акордам прагучала песня «Мир без войны» ў выкананні Алены Сямёнавай і ўсіх астатніх удзельнікаў праграмы.

Гонар закрыць эстафету выпала Хатлянскаму сельскаму дому культуры, таму 16 чэрвеня, на Сёмуху, тут ладзілася народнае свята Троіцы «Зелянец – лету пачатак, вясне канец».

Па народным звычаі тут паўсюль быў развешаны «май» (галінкі бярозы). Завівалі бярозавыя вянкі, гулялі з імі, варажылі на лёс, а потым вадзілі карагоды вакол упрыгожанага стужкамі, вянкамі і паясамі дрэўца. Гулялі ў народныя гульні «Явар» і «Прыгалка». Усё гэта адбывалася на зялёнай мураве каля будынка ДК. На ўзвышку сядзелі гледачы, утульна размясціўшыся на посцілках, паводдаль на агні пяклася троіцкая яешня з салам, якой потым шчодра частавалі ўдзельнікаў дзейства і гледачоў. Ніжэй, на лузе, радавалі прысутных сваімі спевамі і танцавалі артысткі народнага фальклорнага калектыву «Крынічанька» (кіраўнік Г. Баранюк). «Ой,Троіца, Тройца, святая Багародзіца! Насеялі жыта – няхай зародзіцца, пасеем пшаніцу – няхай зародзіцца!» – залівіста спявалі жанчыны. Яны прадставілі ўвазе зацікаўленых цэлы блок народных танцаў: «Кракавяк», «Нарэчанька», «Лысы», «Карагод з рушнікамі», «Падэспань».

Гледачы пускаліся ў скокі разам з артыстамі і з задавальненнем вучыліся выконваць траецкія песні «За гарамі, за марамі» і «Ой Тройца, Тройца». Нават дробны дожджык не змог сапсаваць гасцям святочны настрой. Да дарослых артыстаў весела далучаліся дзеці, удзельнікі гурткоў «Рытм» і «Вясёлкі» Хатлянскага дома культуры.

Праз гадзіну ўжо было амаль немагчыма адрозніць дзе «сцэна», а дзе «глядзельная зала» – усюды панавала свята! А на траецкай бярозцы павольна і сімвалічна калыхаўся вымпел «эстафеты культуры».

Людміла ЦВІРКО,

загадчык адззела культурна-дасугавай дзейнасці Уздзенскага РДК

Другие новости
Литературно-музыкальные чтения «Святло маёй радзімы»

В ГУО «СШ  3 г. Вилейки» в литературном классе имени И. И. Лашутко 16 ноября состоялись литературно-...

Участники любительского объединения «На пульсе позитива» посетили Новоянчинский дом фольклора

В Борисовском районе участники любительского объединения «На пульсе позитива» посетили Новоянчинский дом фольклора.

«Шматгалоссе» на XIII областном фестивале национальных культур в Молодечно

На XIII областном фестивале национальных культур Борисовский район представили участники народного любительского объединения «Шматгалоссе» Печинского ГДК.

Rating All.BY
Каталог TUT.BY