МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Да наступных сустрэч, «Слуцкія паясы»!

З 5 па 7 верасня 2019 года горад Слуцк у чацвёрты раз прымаў гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы».

Сёлета ў свяце прынялі ўдзел больш за 500 майстроў народнай творчасці Міншчыны, якія прадэманстравалі свае творы агульнай увазе і атрымалі заслужаныя ўзнагароды за плённую творчую працу.

У дзень абласнога свята-конкурсу народных мастаціх рамёстваў «Слуцкія паясы» ўсіх прысутных чакала шмат цікавага.

Пасля ўрачыстага адкрыцця свята і канцэртнай праграмы «Песняй вітаем край родны» ў гарадскім парку культуры і адпачынку Слуцка адбылася па-сапраўднаму відовішчная, яркая падзея – дэфіле вясельных строяў Міншчыны. У гэтым паказе прымалі ўдзел прадстаўнікі 15 рэгіёнаў вобласці (Слуцкага, Валожынскага, Маладзечанскага, Капыльскага, Любанскага, Лагойскага, Старадарожскага, Салігорскага, Барысаўскага, Уздзенскага, Клецкага, Сталбцоўскага, Вілейскага, Бярэзінскага і Чэрвеньскага). Кожны раён прадстаўляў свой унікальны варыянт вясельнай вопраткі жаніха і нявесты з падрабязнымі каментарыямі і тлумачэннямі. Некаторыя выступленні ўключалі ў сябе яшчэ і ўзоры вопраткі бацькоў і дружак маладых. Пасля дэфіле ўсе ўдзельнікі былі адзначаны дыпломамі «За адраджэнне вясельнага строя свайго рэгіёна і папулярызацыю традыцыйнай спадчыны».

Асобнай увагі заслугоўвае абласное свята-конкурс «Беларуская лялька», якое традыцыйна праходзіла ў рамках «Слуцкіх паясоў». Падчас яго ўдзельнікі з ліку самых розных катэгорый насельніцтва і ўзростаў прадстаўлялі сваё майстэрства ўвазе кампетэнтнага журы, якое ўзначальваў прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня ГА «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці» Яўген Міхайлавіч Сахута.

Гран-пры свята-конкурсу «Беларуская лялька» было прысуджана Тамары Шалупенка з Чэрвеньскага раёна.

Астатніх пераможцаў вызначалі ў 10 асноўных намінацыях: «Лепшая сувенірная аўтарская лялька», «Лепшая тэкстыльная лялька ў этнаграфічным ці гістарычным касцюме»,«Лепшая тэкстыльная лялька – фальклорны персанаж», «Лепшая саламяная лялька», «Лепшая льняная лялька», «Лепшая лялечная кампазіцыя», «Традыцыйная лялька майго рэгіёну», «Лепшая лялька з керамікі» і «Лепшая лялька з рэдкіх прыродных і штучных матэрыялаў».

У дадатковай намінацыі «Лепшая калекцыя хатніх работ», дзе былі прадстаўлены лялькі, вырабленыя майстрамі загадзя, суддзі вызначылі 10 лепшых умельцаў з 5 раёнаў Міншчыны: Клецкага, Слуцкага, Барысаўскага, Салігорскага і Дзяржынскага.

Яшчэ адной важнай падзеяй у рамках «Слуцкіх паясоў» стала ўзнагароджванне пераможцаў абласнога інтэрактыўнага конкурсу юных майстроў і мастакоў «У краіне творчасці», у якім прымалі ўдзел навучэнцы гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з самых розных куткоў Міншчыны.

Барацьба за званні лепшых умельцаў сярод дзяцей і моладзі ішла ў 5 намінацыях («Каляда прыйшла», «Гуканне вясны», «Купальскі карагод», «Дажынкі» і «Беларускае вяселле»), кожная з якіх уключала ў сябе некалькі ўзроставых катэгорый: 8–12 і 13–16 гадоў.

З ліку юных удзельнікаў агульнай колькасцю ў 150 чалавек былі адабраны 54 фіналісты, якія атрымалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў і падарункі.

Святочны настрой і незабыўную атмасферу на працягу дня стваралі творчыя калектывы Міншчыны: народныя ансамблі народнай песні «Спадчына» (ДУК «Капыльскі раённы цэнтр культуры»), «Таліца» (ДУК «Старадарожскі раённы цэнтр культуры і адпачынку»), і Ярыца» (Любанскі РЦК), а таксама ансамбль народнай песні і музыкі «Лазінка» Лазовіцкага СДК Клецкага раёна.

У якасці ганаровых гасцей праграмы былі запрошаны ўдзельнікі сталічнага арт-гурта «Беларусы».

Акрамя асноўных конкурсных мерапрыемстваў, у гарадскім парку культуры і адпачынку працавала пляцоўка майстар-класаў па 4 відах традыцыйных рамёстваў: вышыўцы, ткацтве пояса на калодачцы, ручной набойцы па тканіне і вырабе тэкстыльнай лялькі.

Таксама ўвазе случчан і гасцей горада была прадстаўлена выстава майстроў традыцыйных промыслаў і рамёстваў Мінскай вобласці па розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Рамесная слабада». Наведаўшы яе, кожны жадаючы меў магчымасць набыць цікавыя сувенірныя вырабы ручной работы, а таксама атрымаць асалоду ад неверагоднай канцэнтрацыі беларускага народнага мастацтва ў адным месцы і непасрэднага назірання за творчым працэсам.

Другие новости

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

Rating All.BY
Каталог TUT.BY