МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Абрад «Шчодрык»: як святкуе Салігоршчына

Спецыфіка каляндарна-абрадавых традыцый Салігорскага раёна мае сваю непаўторную адметнасць, якая выяўляецца ў разнастайнасці формаў і спосабаў іх увасаблення. У вёсцы Рог і па сённяшні дзень захаваўся абрад «Шчодрык» у тым выглядзе, у якім яго ведалі нашы продкі. Ён праводзіцца на Шчодры вечар (у ноч з 13 на 14 студзеня).

Як сто і дзвесце гадоў таму, пад стары Новы год ва ўсіх хатах вёсак Рог і Восава ладзяць Шчодрую вячэру. На край стала, дзе сядзіць гаспадар, у гліняным гаршку ставяць кашу-куццю з ячменю, звараную з  мясам, прыпраўленую маслам або салам. На стале абавязкова павінна быць 12 страў: капуста з мясам або салам, свежына на патэльні, бліны, тварог, кісель ягадны, грыбы – хто чым багаты. Як пакаштуюць усяго патроху, даходзіць чарга да куцці. Гаспадар здымае верхнюю прыгарку, якую потым аддасць курам, зачэрпвае лыжкай гарачую куццю, падносіць да акна, тройчы гукае: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці! Зімою бываць, а летам не бываць, бо жалезнымі пугамі будзем сцябаць…». Чакаць доўга не прыходзіцца, па вёсцы ўжо ходзяць шчадроўнікі старыя і малыя.

Захавалі і перадалі гэты абрад сваім дзецям і ўнукам удзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Палескія крыніцы» Восаўскага сельскага дома культуры. Адбываецца абрад «Шчодрык» з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў. Найбольш выразны, можна нават сказаць, унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў з Восава – гэта дзед Продак і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш няма нідзе на тэрыторыі Беларусі.

13 студзеня 2019 года каля Восаўскага сельскага дома культуры па традыцыі сустракаліся госці, удзельнікі і ўсе жадаючыя разам з фальклорным калектывам «Палескія крыніцы» акунуцца ў атмасферу старажытных і адметных з’яў каляндарна-песеннай культуры Салігоршчыны.

Пасля таго, як усе сабраліся, пераапрануліся ў маскіраваных персанажаў і узялі неабходныя прылады, яны пачалі абыходзіць вясковыя хаты, у якіх гарыць святло, з абрадавым прадстаўленнем, што суправаджалася песнямі, скокамі і танцамі. Пасля абыходу ўсіх хат шчадроўнічкі вярнуліся ў дом культуры, падзялілі пачастункі, накрылі стол і сустрэлі першы дзень Новага года песнямі і танцамі.

Гэты год для «Шчодрыка» асаблівы яшчэ і тым, што ён з’яўляецца дзясятым, юбілейным з моманту прысваення абраду статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Другие новости

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

На сцене ГУК «Жодинский городской центр культуры и досуга» состоялся городской конкурс молодых матерей «СуперМАМА».

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

Rating All.BY
Каталог TUT.BY